Крысава: шчаслівы год

Адпраўляемся ў вёску ў Дзяржынскім раёне, назва якой сугучная з сімвалам 2020-га паводле кітайскага календара. Праўда, наконт этымалогіі меркаваць не бяромся, апошняе слова тут за навукоўцамі. Пазнаёміліся з карэннымі крысаўчанамі. Людзі дзіўныя: ганарацца «сваяцтвам» з грызунамі і сцвярджаюць, што другой такой вёскі на сотні кіламетраў не знайсці.

Населены пункт з сімвалічнай назвай Крысава стаіць на бойкім месцы: акурат каля «алімпійскай» аўтатрасы М1. Працягласць
вёсачкі крыху болей за кіламетр: хаткі, як на парадзе, выстраіліся роўнымі радамі, за імі ланцужком бягуць гаспадарчыя пабудовы. Пастаянна тут пражывае чалавек 50, у асноўным пенсіянеры. Ёсць і маладыя сем’і з дзецьмі. Гэта ўнукі і праўнукі тых, хто некалі жыў тут.

Старэнькія бацькоўскія хаткі яны давялі да розуму: спярша прыязджалі сюды толькі на лета, а пасля назусім перабраліся. 79-гадовы Аляксандр Бабок называе гэта «настальгіяй па вытоках».

– Мой старэйшы сын шмат падарожнічае: можа, месяцаў шэсць на год не бывае дома. Праца ў яго такая, спецыфічная. Здавалася б, усю Беларусь і суседнія краіны аб’ехаў, а ён у Крысаве вырашыў каранямі зачапіцца, – дзед Саня беражліва гартае сямейны фотаальбом, паказвае чорна-белыя здымкі, з якіх глядзяць тры «волаты-сыны». – А я і задаволены: мясціны тут добрыя, людзі працавітыя, талковыя.

Сам Аляксандр Аляксандравіч лічыць сябе тутэйшым толькі напалову: нарадзіўся ён у суседнім Забалацці, а вось жонку ўзяў з Крысава. Але, кажа, такога патрыёта-крысаўчаніна, як ён, знайсці цяжка, ніхто так не ведае гісторыю вёсачкі:

У 2007 годзе на магіле мясцовай святой заступніцы ўстаноўлены крыж з надпісам «Блажэнная Валянціна Мінская, малі Бога за нас».

– Мястэчка наша вядомае яшчэ з XVI стагоддзя: землі гэтыя належалі Дарагастайскім – літоўскаму шляхецкаму роду. Пазней адышлі да Радзівілаў. Апошнія ўладальнікі Крысава – Гутэн-Чапскія. Вось тут, дзе зараз мая і суседскія хаты стаяць, таксама жылі людзі: працавалі на графаў Кáраля і Эмерыка Чапскіх. Хто за садам прыглядаў, хто на стайні служыў. Клопатаў, канешне, хапала… Адзін графскі сад чаго варты: пад паўтысячы відаў дрэў. Або фруктовы гадавальнік: штогод адтуль на продаж ішло да чатырох тысяч саджанцаў. Уявіце, колькі людзей трэба, каб такія аб’ёмы атрымліваць. Я ўжо маўчу пра аранжарэі, у якіх вырошчвалі ананасы, абрыкосы ды персікі…

А вось сама назва «Крысава», калі верыць мясцовай легендзе, з’явілася яшчэ раней, у XV стагоддзі. Нібыта непадалёк на гары жыла багатая княгіня. Яна трымала перапрэжку: купцы, якія вярталіся з Еўропы, спыняліся тут, каб падсілкавацца, пераначаваць ды коней змяніць. А пакуль купцы адпачывалі, мясцовыя сяляне паціху абкрадвалі іх – інакш кажучы, «крысятнічалі». Вось з тае пары за мястэчкам і замацавалася назва «Крысава».

Стараста вёсак Коскі і Крысава Валянціна Сімагіна

– Калі і ёсць якая доля праўды ў гэтай гісторыі, дык справа мінулая. Мы так разважаем: крыса, ці пацук – жывёла ўпартая, працавітая і досыць жывучая. І мы такія ж! Мяркуйце самі: вайна суседнія раёны закранула, людзей са свету зжыла, а Крысава бокам абышла, – расказвае дзед Саня. – Хаця немцы тут стаялі, але мясцовых не чапалі. Да вайны як жыло ў вёсцы чалавек дзвесце – столькі ж і пасля вайны засталося. Пазней, канешне, Крысава пачало радзець: моладзь у горад падалася. Але ж і вярнуліся многія. Вяртаюцца і дагэтуль.

Аляксандр Бабок кажа, што пасля смерці жонкі дзеці хацелі забраць яго ў горад на ўсе выгоды. Аднак стары ўпарціцца.

Аляксандр Бабок кажа, што такога патрыёта-крысаўчаніна, як ён, знайсці цяжка, ніхто так не ведае гісторыю вёсачкі

– Што я на тых паверхах не бачыў? А тут зямля, якой жыву, дыхаю і на якой амаль 50 год адпрацаваў трактарыстам, камбайнерам, ва­дзіцелем. Дзясяткі грамат і падзяк атрымаў, – не дагаварыўшы, дзед Саня пабег у гасцёўню па ўзнагароды. Расклаў на стале граматы з гербам БССР, побач – медалі, ордэн «Знак Пашаны», значкі «Выдатнік сацыялістычнай сельскай гаспадаркі», «Пераможца спаборніцтва». – Ніводнага наракання не было! Пенсія ў мяне добрая, ні ў чым патрэбы не маю. А нюхаць бензін ды таблеткамі карміцца – хіба мне гэта трэба?

На пытанне, ці лічаць месцічы пацука талісманам вёскі, дзед Саня толькі паціснуў плячыма:

– Чалавеку трэба ў нешта верыць… Хочацца, канешне, думаць, што наступны год будзе шчаслівейшы за гэты. Але калі ўжо мы крысаўчане, дык хай на наступны год Пацук і стане нашым абярэгам.
Нябесная заступніца

Хацелі ўжо былі завітаць у госці да сусе­дзяў дзеда Сані, бачым – аўтакрама пад’­ехала. Так што найбліжэйшыя 20–30 хвілін усё Крысава вакол яе тусавацца будзе. Каб не марнаваць час, пацягнуліся і мы да «магазіна на колах».

Бабулькі, не звяртаючы на нас увагі, разглядвалі тавар і адначасова абмяркоўвалі планы на Новы год і Каляды: хто ў горад збіраецца, да каго дзеці прыедуць, што на стол паставіць трэба.

– Поўны халадзільнік набіла: каўбасы, мяса, кансервы. Павячэраем і спаць пойдзем. Да мяне дачка прыедзе: просіць, каб завяла да матушкі Валянціны. Што здарылася, гаварыць не хоча, я і не выпытваю. Хай са святою падзеліцца болем, – ціхенька кажа адна з бабулек.

– І я да яе збіраюся, – падхапіла другая. – За сына папрасіць трэба. Матушка не адмовіць.

Пазней жанчыны патлумачылі.

– Гэта блажэнная Валянціна Мінская, заступніца наша. Яна ў суседніх Косках нара­дзілася, прыкладна два кіламетры адсюль, – махнула рукою кудысьці ў бок 79-гадовая Тамара Леанардаўна Навіцкая. – Страціла мужа, перажыла паслярэвалюцыйныя рэпрэсіі, дзве вайны. Канчаткова падкасіла яе хвароба – запаленне нырак. Яна страціла магчымасць хадзіць: 40 год правяла ў ложку, да самай смерці. Затое атрымала ад Божанькі дар прадбачання, вяртаць людзям душэўнае і цялеснае здароўе. Жанчыны, якія гадамі не маглі зацяжараць, безнадзейна хворыя – усе да яе звярталіся. Чалавек яшчэ на парозе стаяў, а матушка ўжо ведала, штó яго непакоіць.

Да святой Валянціны, сцвярджаюць кабеты, ехалі і дагэтуль едуць паломнікі з усяго свету.

– Увесь Савецкі Саюз тут перабываў! Шмат немцаў, французаў, італьянцаў едзе, з Іарданіі паломнікі былі, – запэўнівае баба Тома. – Цікавяцца, шукаюць яе магілку. А пахавана яна непадалёк, на Крысаўскіх могілках. Шостага лютага, у дзень, калі нашу Валянціну Мінскую далучылі да Сабора Беларускіх Святых, едуць на яе магілку тысячы людзей. Шукаюць у яе фізічнага і духоўнага паратунку… Жыхары ўсіх навакольных вёсак лічаць яе сваёй заступніцай. Яна і наша апякунка.

У старасты вёсак Коскі і Крысава Валянціны Сімагінай былі дзве запушчаныя анкалогіі, дзясятак «хімій» – дактары не давалі ёй шанцаў. Стараста ўпэўнена: ад смерці яе дагэтуль зберагае толькі матушка Валянціна.

Калі ў вёску прыходзіць аўтакрама, вакол яе збіраецца ўсё Крысава – папоўніць запасы ды падзяліцца апошнімі навінамі

– Штодня хадзіла да яе на могілкі: малілася, прасіла паратунку. Як толькі хвароба адступіла, наладзіла збор грошай на паклонны крыж у гонар блажэннай Валянціны Мінскай. Два гады таму крыж паставілі на ўездзе ў вёску. Цяпер гэта яшчэ адно святое месца для паломнікаў. Так што пакуль людзі вераць у Бога, шукаюць падтрымкі ў матушкі Валянціны, Крысава і Коскі будуць жыць. Аб гэтым паклапоціцца сама святая.

Так і жыве Крысава. Мо і сапраўды небеспадстаўна называюць яе перспектыўнай вёскай? Вось і мае субяседніцы-крысаўчанкі, калі ўжо развітвалася з імі, звярнулі ўвагу: амаль на кожнай хаце ёсць буслянкі – добрая прыкмета.

Галіна НАРКЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий