Свята музыкі «Заслаўе» – 20-ы, юбілейны фестываль

Гэта пра , што пройдзе ў горадзе – спадарожніку Мінска. Гасцей чакае шмат цікавага: конкурс юных выканаўцаў, выступленні творчых калектываў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга.
«МП» даведалася, якім будзе ў Заслаўі 17 студзеня.

Кожны год свята збірае гасцей з усіх куткоў Беларусі. Выхаванцы дзіцячых школ мастацтваў вобласці ўдзельнічаюць у конкурсе «Заслаўскі сшытак», які праходзіць у дзень фестывалю. Гэтым разам свае творчыя здольнасці пакажуць хлопчыкі і дзяўчынкі, што вучацца па класу фартэпіяна.

– Конкурснай пляцоўкай «Заслаўскага сшытка» стане мясцовая школа мастацтваў, – адзначае дырэктар Валерый Шкурскі. –
Беларускія творы выканаюць 25 маладых музыкантаў. У мінулым годзе на сцэну выходзілі скрыпачы, а ў наступным мы запросім выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах. Па традыцыі найлепшых узнагародзіць маэстра Міхаіл Фінберг.

Таксама ў дзіцячай школе мастацтваў выступяць творчыя калектывы трубачоў, флейтыстаў. Тут можна будзе пачуць дуэт для фартэпіяна і кларнета, майстроў струннага аркестра Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.

У Заслаўскім гарадскім Доме культуры «Світанак» адбудзецца канцэрт з удзелам лаўрэатаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў – заслужанай артысткі Беларусі Наталлі Тамелы, Таццяны Глазуновай, Галіны Грамовіч, Руслана Мусвідаса, Ягора Шаранкова і іншых.

– Заслаўе – месца вельмі цікавае, гістарычнае, музычнае, –
падкрэсліў народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі», прафесар Міхаіл Фінберг. – У нашым канцэрце прагучыць музыка беларускага кампазітара Яўгена Глебава (сёлета яму споўнілася б 90 год), а таксама творы іншых аўтараў, якія палюбіліся слухачам, і новыя кампазiцыі. З задавальненнем выступаем у невялікіх населеных пунктах. Фестывалі праходзяць у 21 горадзе нашай краіны. Асноўная ідэя мерапрыемства – звярнуць увагу на сваё, беларускае, якое неабходна любіць і шанаваць.

– Многія жыхары нашага горада прывыклі пачынаць год менавіта з гэтага фестывалю, – сказала старшыня Заслаўскага гарадскога выканаўчага камітэта Святлана Карташова. – У кожнага з нас ёсць добрая магчымасць пазнаёміцца з беларускай музыкай, кампазітарамі і выканаўцамі. А конкурс «Заслаўскі сшытак» збірае таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак цэнтральнага рэгіёна, іх бацькоў і педагогаў. Маладыя музыканты далучаюцца да нацыянальнай культуры, знаёмяцца з прафесіяналамі. Свята музыкі ў Заслаўі – гэта ўнікальная з’ява, якая выклікае жывую цікавасць.

Ганна ХАЛДЗЕЕВА

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий