Васіль Мудры з Хорастава

Аднайменны аграгарадок на Салігоршчыне – адзін з самых паўднёвых населеных пунктаў Міншчыны. Стаіць сярод пойменных дуброў і звілістых рэчак Палесся, радзіма легендарнага Васіля Каржа – Героя Савецкага Саюза, камандзіра першага ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны партызанскага атрада. «МП» наведала мястэчка, дзе людзі беражліва захоўваюць памяць пра свайго земляка, і даведалася,
чым і кім яшчэ славіцца аграгарадок.

Хорастава – даволі вялікі населены пункт, у якім пражывае прыблізна 700 чалавек. Тут ёсць абмулаторыя, пошта, школа, дзіцячы садок, магазін, Дом культуры і вольнага часу. Гэта заслуга Васіля Каржа. Дзякуючы яму вёска паўстала з руін ліхалецця. Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр, сябар маршала Жукава – пасля вайны ён мог зрабіць бліскучую кар’еру, але наўмысна ад яе адмовіўся, бо ведаў, што яго дапамогі чакаюць землякі.

У 1953 годзе ён паехаў адраджаць сваю малую радзіму. раязнаўца Ніна Чаравака адна з нямногіх сведак таго: яе бацька працаваў поруч з Каржом, і дзяўчынай яна часцяком дапамагала яму. Па яе ініцыятыве ў аграгарадку з’явіўся музей партызанскага краю імя легендарнага земляка. Сюды нас і запрашае Ніна Іванаўна:

– У гэтай самай хаце жыў і працаваў Васіль Захаравіч, калі вярнуўся пасля вайны і ўзначаліў калгас «Партызанскі край». Можна сказаць, яго сілком сюды засялілі. Ён, як прыехаў, пайшоў «на кватэру» да сваёй пляменніцы – доўгі час туліўся ў маленькім пакойчыку. Але ўлады палічылі, што Герою Савецкага Саюза сорамна жыць у такіх умовах, і пабудавалі гэтую хату. Аднак сваім прынцыпам Корж усё роўна не здрадзіў: размясціўся з сям’ёй у двух пакоях, астатнія пад кіраўніцтва калгаса прыстасаваў. Што казаць? Пры ўсіх сваіх заслугах Васіль Корж заставаўся чалавекам простым.

А вось хатка, у якой нарадзіўся наш герой, на жаль, не захавалася: яе, як і ўсё Хорастава, спалілі немцы.

Пераходзім з пакойчыка ў пакойчык, Ніна Іванаўна раз-пораз звяртае маю ўвагу на чорна-белыя здымкі, дакументы, загады на сценах музея. Па іх можна прасачыць біяграфію Васіля Захаравіча.
– Мясцовыя расказвалі, што баявы характар праяўляў ён яшчэ ў юнацтве. Корж лютаваў, калі бачыў, як пагардліва ставяцца да сялян, а з хорастаўцамі новыя ўлады не надта цырымоніліся, – Ніна Чаравака паказвае ксеракопіі дакументаў, паводле якіх тэрыторыі вёскі і суседніх населеных пунктаў адышлі да Польшчы. – У нас стаяла жандармерыя, быў паліцэйскі ўчастак. Прыкладна ў гэты ж час навабранца Каржа забралі ў польскае войска. Але праслужыў ён нядоўга. Неяк паляк ударыў яго па твары. Васіль Захаравіч даў здачы. Ды так, што крыўдзіцель апынуўся ў шпіталі, Корж – збег.

Сярод 500 экспанатаў музея – асабістыя рэчы легендарнага партызана (іх Ніне Іванаўне перадала Зінаіда – дачка Васіля Каржа), ксеракопіі дакументаў аб прысваенні яму звання Героя Савецкага Саюза і ўзнагароджванні ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі. Васіль Захаравіч увайшоў у гісторыю як стваральнік першага партызанскага атрада на тэрыторыі СССР. Прычым з 60 чалавек ён перарос у злучэнне, якое ў 1942 годзе налічвала больш за 2000 байцоў, праз два гады ў ім было ўжо 15 тысяч народных мсціўцаў.

– А вось так наша вёска выглядала ў 1943 годзе, калі да яе дабраліся немцы, – Ніна Чаравака паказвае здымак: чорныя коміны і выгаралая зямля. Так фашысты адпомсцілі Каржу за сваіх забітых і палонных салдат. – Такой сваю малую радзіму і ўбачыў Васіль Захаравіч, калі вярнуўся сюды ў 1953 годзе. Не спакусіўся высокія пасады, прыехаў працаваць і будаваць новае жыццё.

Ніна Іванаўна ўспамінае, што Каржа ў Хораставе называлі Васілём Мудрым. І вельмі слушна: дзякуючы яму людзі павыходзілі з зямлянак, перабраліся ў новыя цагляныя дамы.

– Перш за ўсё ён праклаў дарогу, каб было зручна дастаўляць матэрыялы. Прывёз людзям саджанцы яблынь, груш, сліў – тут жа на некалькі кіламетраў было суцэльнае голае поле. Менавіта Корж першым пачаў сеяць кукурузу: яна вымахала такая, што па вопыт да нас прыязджалі эксперты з Масквы. Хорастаўскіх калгаснікаў нават запрасілі на ВДНГ, – з гонарам зазначае суразмоўца. –
А якую школу ён пабудаваў для малых! Двухпавярховую, з кабінетамі ды лабараторыямі, спартыўнай залай.

Васіль Захаравіч кіраваў калгасам амаль да самай смерці – па стану здароўя на некалькі год перапыняў працу, але калі землякі папрасілі яго вярнуцца, зноў прыняў кіраўніцтва. У 1967 годзе легендарнага Васіля Мудрага не стала. Праз некаторы час у Хораставе паставілі помнік Каржу – гэта, кажа Ніна Чаравака, даніна павагі вяскоўцаў земляку, чалавеку, які прынёс сваёй малой радзіме вядомасць.

Сакавітыя фарбы Палесся

Свой аграгарадок хорастаўцы лічаць адметным у геаграфічным сэнсе, бо ён хоць і ў складзе Мінскай вобласці, аднак душою горнецца да маляўнічага Палесся. А там жа такія краявіды – толькі паэты здольныя ўславіць іх. Праўда, не адстаюць ад апошніх і хорастаўскія майстрыхі: тканыя ручнікі, абрусы, коўдры, упрыгожаныя яркімі, сакавітымі кветкамі – візітная картка Хорастава. Калі ў іншых вёсках жанчыны вышываюць на кужалі ромбікі, крыжыкі ды паяскі, дык тут выключна вясеннія першацветы, рознакаляровыя віёлы, трапяткія лілеі, велічныя ружы… Прыналежнасць да Палесся дае аб сабе знаць, кажа кіраўнік гуртка «Ткацтва» Хорастаўскага Дома культуры і вольнага часу Таццяна Сянюк.

Ніна Чаравака – стваральніца Хорастаўскага музея партызанскага краю
імя Васіля Каржа. Частку экспанатаў Ніне Іванаўне перадала дачка
Васіля Каржа – Зінаіда

– Маці, бабуля, прабабка – у нашай сям’і ўсе жанчыны ткалі і вышывалі. Увогуле такога не было, каб хорастаўкі не ведалі, як трымаць іголку з ніткай ці ткацкі чаўнок. Я дык ужо ў шостым класе вышыла свой першы ручнік крыжыкам. Пазней асвоіла вышыўку гладдзю і балгарскім крыжыкам, – расказвае майстрыха. – Так спрадвеку ў якасці галоўнага арнаменту на ўсіх вырабах прапісаліся кветкі. І нездарма: летам тут ад багацця фарбаў галава кругам ідзе! Таму і колеры нітак – сакавітыя, насычаныя, вясёлыя. Рукі самі просяцца вышываць!

У 2003 годзе Таццяна ўзначаліла дзіцячы гурток «Ткацтва», сёння яго наведваюць шэсць школьнікаў. Пад кіраўніцтвам вопытнай рукадзельніцы малыя вучацца вышываць і працаваць за крос-намі. Перш чым сесці за дарослы ткацкі станок, практыкуюцца на маленькім.

– У прабабкі дома стаялі кросны, і хоць яна ўжо не карысталася імі, але выкідваць не дазваляла. Сёння разумею, чаму яна так іх бараніла: гэта ж наша гісторыя, наша спадчына, – разважае 10-гадовая Кіра Крывашлыкава. – Бабуля вучыла, што кожная тканая або вышытая рэч мае пэўны сэнс, па ёй можна прасачыць гісторыю сям’і. І паказвала ручнік, які сама вышыла некалі. Чырвоныя і ружовыя кветкі, маладыя зялёныя атожылкі, на адным з якіх малюсенькі чорны лісточак. Магчыма, гэта намёк на боль, які давялося перажыць прабабцы…

Кіра, як і яе сяброўка Даша Мароз, займаецца ў гуртку каля двух год. За гэты час асвоілі не толькі малыя – «дзіцячыя», але і дарослыя кросны.

У 2014 годзе ў мясцовым Доме культуры і вольнага часу пачаў працаваць этнаграфічны пакой-музей «Бабулін куфэрак». Тут сабрана каля сотні вышываных ручнікоў, сарочак, посцілак – некаторым баз малога 100 год. Белая тканая аснова з цягам часу, зразумела, пажоўкла, але кветкі на ёй і зараз такія ж яркія, свежыя. Можа, сапраўды ў гэтых ружах, лілеях і пралесках закадзіравана прыгожая будучыня Хорастава?

Галіна НАРКЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий