Заканадаўцы моды: у Клецку зацікавіліся старадаўняй тэхнікай дызайну

Метадыст па народнай творчасці раённага цэнтра культуры Вольга Пілецкая разам са сваімі выхаванцамі адраджае адзін з самых старажытных відаў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – набіванку.
Ён існуе з XII стагоддзя і быў вельмі распаўсюджаны на Клеччыне.

З Вольгай Пілецкай сустрэліся ў майстэрні. Дзяўчына, разумеючы, што журналісту лепей адзін раз пабачыць, чым дзесяць пачуць, загадзя падрыхтавала неабходныя для набіўкі інструменты. Тут і абрэзкі льняной тканіны, і фарбы, драўляныя штампы-трафарэты, і нават малаток. Прыкладна такімі ж сродкамі карысталіся ў 1920-я гады клецкія майстры па набіванцы.

– Бабулі расказвалі, што па вёсках валачыліся так званыя вольныя мастакі: яны прапаноўвалі свае паслугі па ўпрыгожванні ручнікоў, абрусаў, навалочак, фіранак, – тлумачыць метадыст. – Не кожная гаспадыня мела магчымасць і час, каб вы­ткаць на кроснах той жа вясельны ручнік з рытуальнымі сімваламі. Вось і выратоўвала набіванка. Глядзіце, што яна такое.

Вольга ўзяла невялікі штампік у выглядзе галубкі, нанесла на яго тоўсты пласт фарбы, прыклала да тканіны, моцна прыціснула і, каб малюнак замацаваўся, зверху пастукала малатком. Праз хвіліну-другую адняла руку – каляровы малюнак адбіўся на тканіне. Набіванка гатова!

– Гэта, зразумела, толькі пачатак працы. Галубку трэба аздо­біць галінкамі, кветачкамі, дадаць некалькі сакральных сімвалаў. На кожны малюнак – свой трафарэт. Бабулькі казалі, валачобнікі насілі за плячыма мех, у якім было, можа, 30 ці 40 такіх трафарэтаў, на любы густ, – працягвае майстар-клас Вольга. – Вяскоўцы выбіралі і рабілі замовы.

Драўляныя штампы-трафарэты, каб былі больш трывалымі і маглі праслужыць «на некалькі вёсак», выраблялі з бярозы, грушы, клёну, арэшыны. А вось што да арнаментаў на штампіках, то самымі запатрабаванымі былі геаметрычныя фігуры: зорачкі, кругі, крыжыкі, ромбы. Быў папулярны і стылізаваны раслінны арнамент: кветкі, пупышкі вярбы, лісце, сцяблінкі.

Аднак такія сюжэты, кажа Вольга, усё ж традыцыйныя. Часам вяскоўцы рабілі індывідуальныя замовы на пэўны ўзор, а майстры ўжо вырэзвалі штампікі ў адпаведнасці з пажаданнямі заказчыка. На некаторых клецкіх ручніках, упрыгожаных набіванкай, сустракаюцца экзатычныя птушкі і жывёліны, абярэжныя сімвалы.

– Вось так за некалькі гадзін працы звычайны ручнік ці абрус рабіўся святочным, аздобленым эксклюзіўнымі дэталямі. Не скажу, што за такую працу майстрам плацілі занадта шмат: часцей аддзячвалі зернем, яйкамі, грошы давалі рэдка, – кажа метадыст па народнай творчасці. – Людзі жылі небагата, таму заказаць 10–20 набіванак-посцілак не кожны мог сабе дазволіць. Але калі ўжо займеў, дык шанаваў. Набіванкі дарылі маладым на вяселле – гэта лічылася каштоўным прэзентам.

Дарэчы, адна з жыхарак Клецка – Ірына Брыжэвіч перадала Вользе абрус-набіванку, які амаль 70 год захоўваўся ў яе маці. Фарбы амаль не выцвілі: напэўна, майстры дадавалі нейкі сакрэтны элемент, калі нават з цягам часу яны на страцілі яркасць. Што і казаць, рабілі з душою!

Дзякуючы Вользе Пілецкай юныя жыхары Клецка, наведвальнікі гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Чердачок», цяпер таксама ведаюць, штó такое набіванка. Адраджаюць і распаўсюджваюць яе. Свае шорты, бейсболкі, кашулі, майкі, спадніцы ўпрыгожваюць набіванкай, прычым выкарыстоўваюць тыя ж самыя сімвалы, з якімі працавалі клецкія майстры 100 год таму. Такі вось новы трэнд на стары лад!

– Дзеці ў захапленні. Амаль на кожныя заняткі прыносяць новы прадмет адзення: хочацца ж зрабіць яго самабытным. А майку-набіванку, аздобленую па старажытных тэхналогіях, сёння ні ў адной краме не знойдзеш! – упэўнена метадыст. – Некаторыя прыно­сяць і бацькоўскія рэчы, асабліва напярэдадні 8 Сакавіка ці 23 лютага. Так што клецкую моладзь можна лічыць заканадаўцамі новай – ці, правільна казаць, адноўленай – моды.

Галіна НАРКЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий