Аляксандр МАРТЫНЕНКА: Вялікі гонар – рабіць Беларусь бліжэй да свету

Першаму спадарожнікаваму каналу Беларусі – 15! Сёння перадачы «Беларусь 24» могуць глядзець у ста краінах на чатырох кантынентах. Пра развіццё міжнароднага тэлевяшчання і тэматыку праграм, прэм’еры тэлевізійнага сезона наша размова з галоўным дырэктарам і вядучым Аляксандрам МАРТЫНЕНКАМ.

Аляксандр Іванавіч сустракае нас у холе 13-га паверха Белтэлерадыёкампаніі. Тут размяшчаецца рэдакцыя «Беларусь 24».

– Пятнаццаць год для тэлеканала– ужо нешта,– адзначае дырэктар.– Але да гэтага спакойна стаўлюся, бо мы параўнальна маладая кампанія на міжнародным медыярынку. За гэты час набілі гузаў, ёсць і пэўныя поспехі. Словам, маем цвёрдую глебу пад нагамі, каб паспяхова рухацца далей.

– Што цікавіць вашых гледачоў? Якія тэмы іх найбольш закранаюць?
– Мноства разнастайных, разнапланавых тэм. Гэта навіны, праекты АТН, культура, медыцына, нацыянальная кухня і турызм. У эфір выходзяць абноўленыя праграмы «Гарады Беларусі», «АРТіШОК»,
«24 пытанні», «Погляд на Беларусь» і іншыя. Наша праца дапамагла многім жыхарам замежжа даведацца пра Беларусь, як тут жывуць людзі.

Аляксандр Мартыненка кажа, што тэлеаўдыторыя з прыхільнасцю прыняла новы праект «Беларусь 24» – «Вандруем разам з Кацяй Ільіной». Гэтая перадача з’явілася ў эфіры напрыканцы мінулага года і адразу выклікала цікавасць у гледача: рэдакцыя атрымала нямала пазітыўных водгукаў адусюль. Некалькі выпускаў прысвяцілі адметным мясцінам Міншчыны– Налібоцкай пушчы, Нясвіжскаму і Клецкаму раёнам. Неўзабаве«Беларусь 24» пакажа тэлепадарожжа па Бярэзінскім запаведніку.

«Беларусь 24» і «Мінская праўда» ажыццяўляюць сумесны творчы праект «Дыялогі «МП». Яго ўдзельнікі – вядомыя людзі Беларусі і Міншчыны, чые меркаванні і разважанні выклікаюць бясспрэчную цікавасць, схіляюць да роздуму.

Дырэктар зазначае, што патэнцыяльная аўдыторыя тэлеканала – больш за 240 мільёнаў чалавек. Але, на яго думку, геаграфія тэлеахопу куды шырэйшая, бо амаль у кожнай кропцы свету пры дапамозе любога мабільнага гаджэта пры наяўнасці інтэрнэта можна спакойна глядзець перадачы «Беларусь 24». Не дзіўна, што беларускі спадарожнікавы тэлеканал ведаюць у краінах Еўропы, Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі.

– Пятнаццаць год таму «Беларусь 24» стартаваў з архіўных перадач і старога кіно «Беларусьфільма». З часам фармат і кантэнт значна змяніліся, – расказвае Аляксандр Мартыненка. – Сёння гэта, хай і невялікая, але сапраўдная тэлефабрыка, якая робіць уласны прадукт. З улікам нешматлікага штату імкнёмся максімальна аптымізаваць творча-вытворчыя працэсы. Словам, бяром не колькасцю, а якасцю канчатковага тэлепрадукту, якая вынікае найперш з адказнага, творчага стаўлення да працы.

У новым сезоне, звяртае ўвагу Аляксандр Мартыненка, тэлеканал плануе трансляцыі музычных праграм, у тым ліку знакамітага X-Factor.

Ёсць намеры пашырыць прысутнасць «Беларусь 24» у інтэрнэце – на OTT-пляцоўках, у IPTV і мабільных дадатках.

– Хочацца, каб мы былі больш дынамічныя. Ёсць куды расці і імкнуцца. Гэта вялікі гонар і адказнасць – рабіць Беларусь бліжэй для замежнага гледача, – рэзюмуе дырэктар «Беларусь 24».

Станіслаў ЛАБАТЫ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий