Без пяці хвілін лейтэнанты, або Добры курсант марыць стаць генералам

Памятаеце, як вядомы герой Грамадзянскай вайны начдыў Васіль Чапаеў не без бравады казаў свайму камісару: «Мы академиев не кончали!». А белых, маўляў, б’ём з усёй пралетарскай нянавісцю без якойсьці там навукі. Калі б жыў легендарны палкаводзец сёння, у век высокіх тэхналогій, імклівага развіцця тактыкі, аператыўнага мастацтва, сучаснай тэхнікі і ўзбраення, ён першы падаў бы дакументы ў Ваенную акадэмію. І старанна там асвойваў бы навуку перамагаць. Як гэта робяць сёння 450 курсантаў агульнавайсковага факультэта, якім кіруе ўраджэнец Дукоры Пухавіцкага раёна палкоўнік Сяргей Мазоўка.

– З шостага класа ведаў, што буду ваенным і нікім больш. Запалі ў душу кнігі пра вайну і, асабліва, фільм «Афіцэры», які паглядзеў шмат разоў. У 1988-м паступіў у Мінскае сувораўскае вучылішча, затым у Мінскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча, якое да майго выпуску стала камандным. Разам з дыпломам атрымаў залаты медаль, – прыгадвае сваё юнацтва Сяргей Анатольевіч. – Потым была служба ў войсках на камандных і іншых пасадах у Мар’інай Горцы, у Гродне. У горадзе над Нёманам з будучай жонкай, дачкой афіцэра, пазнаёміўся.

На пасадзе начальніка аднаго з вядучых акадэмічных факультэтаў палкоўнік Мазоўка чацвёрты год. Скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і права». Выбраны дэпутатам Мінскага гарсавета. Цэніць яго камандаванне, з павагай ставяцца калегі і курсанты.

– Ды што вы ўсё пра мяне! Давайце лепш пра нашых без пяці хвілін лейтэнантаў, выпускнікоў гэтага года пагаворым, – усміхаецца Сяргей Анатольевіч. – Яны вартыя таго, каб пра іх напісалі ў газеце: у вучобе фору дадуць многім хлопцам з іншых факультэтаў. А сямёра ўпэўнена ідуць на залаты медаль.

– Можа, сярод іх і ўраджэнцы Міншчыны ёсць?
Гэтае пытанне крыху азадачыла начфака. Он напачатку меркаваў, што ёсць, але пасля ўдакладнення высветлілася, што на агульнавайсковым факультэце сёлета яго землякоў у прэстыжным спісе ўсё-такі няма. Але афіцэр хутка сарыентаваўся:

– Сярод медалістаў напэўна ж будуць прадстаўнікі Міншчыны. У нас жа 9 факультэтаў, уключаючы факультэт Генеральнага штаба.
У дзверы пастукалі, і на парозе кабінета, як у казцы, – тры былінныя волаты. Упэўненыя ў сабе чацвёртакурснікі. Уладзіслаў Суднік
родам з Маладзечна, дзе вывучыўся на повара, але працаваць па спецыяльнасці не стаў. У тым, што так крута змянілася яго жыццё, Ула дзіслаў «вінаваціць» дзеда-дэсантніка, які замяніў яму бацьку.

Іван Соусь – з-пад Маладзечна, з вёскі Краснае. Базавую ваенную пад-
рыхтоўку прайшоў у Слуцку, у абласным кадэцкім вучылішчы. Яна і дапамагла ўзяць крэпасць пад назвай Ваенная акадэмія, хаця конкурс быў немаленькі. Іван прызнаўся, што ёсць у яго запаветная мара – даслужыцца да міністра абароны.

Арцём Лугоўскі – з Чэрвеня. У адрозненне ад сяброў, будучых камандзіраў узводаў, ён пойдзе ў войскі спецыялістам па ідэалагічнай рабоце. Працаваць з людзьмі яму падабаецца.

Усе трое заявілі, што з нецярплівасцю чакаюць выпускнога і гатовы адправіцца ў любую, самую аддаленую кропку Беларусі. І, нягледзячы ні на якія цяжкасці, дастойна там служыць…

Пабывалі мы ў той дзень і на ваджэнні баявых машын пяхоты. Праходзіла яно ў звычайнай аўдыторыі на трэнажорным комплексе, што імітаваў рух БМП-2 па палігоннай трасе з перашкодамі. Аўтар гэтых радкоў калісьці сам сядзеў за штурвалам кінатрэнажора і ведае, як нялёгка ўтрымаць умоўную баявую машыну ў каляіне, каб не зарабіць «нездавальняюча».

Курсанты выпускнога курса Андрэй Ермачонак, Яўген Кананчук і Максім Нагурны справіліся з гэтай задачай бліскуча. Так ацаніў іх дзеянні старшы выкладчык кафедры ўстройства і эксплуатацыі бранятанкавага ўзбраення падпалкоўнік Юрый Анціпюк, выпускнік агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

Рыгор САЛАНЕЦ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий