Дрэва жыцця Алены Тарлецкай

Любоў да беларускага лёну ў майстрыхі з Маладзечна ад яе вясковых каранёў. Вобразы кожнага са сваёй радні яна ўвасобіла ў фігурках з гэтага прыроднага матэрыялу. У выніку дрэва яе роду склалася з сарака персанажаў: дзед з гармонікам у руках, бабуля з чыгунком ля печы, родныя цёткі ў вясёлых фартушках. А над усімі імі — яна сама. У нацыянальным строі, з ільняной лялькай у руцэ.

Першы заробак — пакет зефіру

Цягу да творчасці яна мае з дзяцінства. Памятае, як ёй, яшчэ зусім маленькай, мама паказвала, як правільна маляваць, на аркушы паперы пункцірам наносіўшы розныя фігуркі. Але ў мастацкую школу так і не аддала. У сям’і, дзе раслі трое дзяцей, быў невялікі дастатак.

Прыладзіўшыся за кухонным сталом, увесь вольны час Лена бавіла з алоўкамі і фарбамі: адразу змалёўвала з паштовак кветкавыя кампазіцыі, пасля ўзялася за карціны.

— Першы свой заробак  атрымала яшчэ школьніцай, — успамінае жанчына. — Па просьбе суседкі размалявала ў адным з пакояў кватэры сцяну, за што мне прынеслі цэлы пакет зефіру. Браць саромелася, адмаўлялася. Але як жа было прыемна!

Пасля заканчэння школы пайшла ўладкоўвацца на Маладзечанскую фабрыку мастацкіх вырабаў, таму што ў ніякай іншай прафесіі сябе не бачыла. І прысвяціла ёй больш як 30 гадоў свайго жыцця.

Менавіта Алена Тарлецкая, як майстра сувенірнага цэха, стварыла льняную прыгажуню з лірай у руках да Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, а таксама прыдумала вясёлыя фігуркі хакеістаў да чэмпіянату свету 2014 года.

Радавод сям’і Алены Тарлецкай складаецца з 14 эпізодаў і ідзе ад прадзедаў да дзядоў, бацькоў. У разважаннях пра сваю сям’ю жанчына раз-пораз шкадуе, што раней не занатавала ўспаміны бабулі, дзядулі, якім, канешне ж, было што расказаць.

Цяжка адвесці вочы і ад яе «Алеся і Марылі», «Песняра», «Сымона-музыкі». На першы погляд аднолькавыя, усе работы майстрыхі хоць чым-небудзь ды адрозніваліся адна ад другой, таму што кожная была зроблена уручную, з душой.

— Усе гады хадзіла на работу як на свята, — кажа Алена. — І вельмі хвалявалася, калі нашу фабрыку рэарганізавалі.

Не было б шчасця…

Дырэктар Маладзечанскага раённага Цэнтра рамёстваў Ларыса Ступіна ўзяла яе на работу адразу. Талент жа, калі ён ёсць, не схаваеш.

— Напачатку думала, будзе цяжка — новы калектыў, новыя патрабаванні. А прывыкла за дзень, — дзеліцца ўражаннямі цяпер ужо метадыст раённага цэнтра рамёстваў Алена Тарлецкая. — Што больш за ўсё падабаецца? Дух калектывізму, які тут пануе, і разуменне таго, што з табой не сапернічаюць, табе дапамагаюць.

Так было і з «Дрэвам жыцця», якое жанчына вырашыла зрабіць да Фестывалю традыцыйных рамёстваў з аднайменнай назвай, што праходзіў у Баранавічах.

— Задума — мая, — кажа аўтар. — Работа — калектыўная. Мініяцюр­ныя прылады працы, адзенне, наміткі на галовы жанчынам, вяночкі дзяўчатам, музычныя інструменты дапамагалі ўвасабляць у жыццё калегі.

Сям’я ў яе самая звычайная. Неяк, кажа, не было ў родзе ні вучоных, ні акадэмікаў.

— Мой дзед па татавай лініі — Уладзімір Сарока, родам з Турэц-Баяраў, — гаворыць жанчына. — Перад вайной паехаў на работу ў Маскву, там сустрэў бабулю, якая была поварам. Жылі яны пасля ў Маладзечне, шмат працавалі. І ўмелі адпачываць. Падчас застолляў дзед звычайна браў у рукі гармонік, граў на гэтым музычным інструменце і прадзед. У мамінай сям’і было чацвёра дзяцей, столькі ж у татавай. Яны самі нарадзілі траіх, у мяне два браты.

Безумоўна, парадаваліся б яны і поспеху сваёй унучкі, якая за сваё «Дрэва жыцця» прывезла з Брэстчыны гран-пры фестывалю.

Цяпер рыхтуецца ўжо да «Вясновага букета»:

— Думаем, чым будзем здзіўляць удзельнікаў Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі. У таленавітым, няўрымслівым калектыве ідэі нараджаюцца хутка — паспявай толькі ўвасабляць…

Майстрыха кажа:

— Ствараючы новыя вобразы, стараюся захоўваць традыцыі і загадзя думаю, у што сваіх прыгажунь апрануць, якія галаўныя ўборы надзець. Для тых, хто цікавіцца беларускай лялькай не проста так, а марыць навучыцца рабіць яе самастойна, не шкадую ні сваіх напрацовак, ні ідэй. Няхай людзі спрабуюць, вучацца. Чым больш нас такіх, апантаных, будзе, тым хутчэй вернемся да сваіх вытока.

Марына СЛIЖ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий