Экспанаты з роднай хаты

Не чакаюць дапамогі, а самі робяць жыццё цікавейшым у вёсцы Гарадзішча Слуцкага раёна. Мясцовыя жыхары ўласнымі сіламі стварылі краязнаўчы музей. І не толькі.

Справа агульная, вясковая

На вуліцы Калгаснай у Гара­дзішчы пуставаў будынак школы, закрыты яшчэ ў 2000 годзе. Аб зносе драўлянай пабудовы гаворкі не ішло: месца знакавае – тут грызла граніт навукі не адно пакаленне мясцовых жыхароў. Тады і ўзнікла ідэя стварыць там музей.

Ініцыятарам выступіла стараста Яўгенія Сыцько. Яна нарадзілася і вырасла ў Гарадзішчы, працавала фельчарам, ведала кожную сям’ю і карысталася павагай у аднавяскоўцаў. Ідэю Яўгеніі Васільеўны ўхвалілі, а прадпрымальнік Мікалай Гурыновіч зрабіў рамонт, прывёў будынак у належны выгляд.

У 2016 годзе Яўгеніі Сыцько не стала. Для музея яна паспела сабраць чатыры скрынкі з фотаздымкамі і дакументамі мясцовых жыхароў. Здавалася, што на гэтым усё і скончыцца. Але за справу ўзяліся новая стараста вёскі Галіна Грак і настаўнік гісторыі Бокшыцкай школы Наталля Бартошык.

Музей мясцовыя жыхары стваралі па крупінках: хтосьці аддаў шафы, хтосьці прынёс сталы і крэслы, саматканыя посцілкі. Напрыклад, мясцовы прадпрымальнік Уладзімір Булгак дапамог паставіць перагародкі ў памяшканні і ўпрыгожыць калодзеж у двары.

А ў 2017 годзе ў Гарадзішчы адбыўся свой маленькі «эканамічны цуд». Наталля Бартошык склала бізнес-план, адправіла яго на конкурс праектаў у Міжнародны фонд падтрымкі мясцовых супольнасцей, і музею выдзелілі 2,5 тысячы долараў на развіццё. Асвоіць іх трэба было за паўгода.

– Працавалі кожны дзень, шмат сіл уклалі. І любові. Музей адкрыўся ў студзені 2018 года, – расказвае Наталля Бартошык. – Скажу шчыра: стварыць музей было няпроста. Але цяпер, гледзячы на ​​плён сваёй працы, разумеем: гэта было сапраўды важна – зберагчы гісторыю малой радзімы для нашчадкаў.

Штык з поля і вопратка беларусаў-сакуноў

Гарадзішчанскі музей з выгляду – просты сельскі дом. Яно і зразумела: глянец і пампез­насць тут без патрэбы, экспазіцыі прысвечаны простаму сельскаму жыццю. Тры асноўныя залы – з фотаздымкамі знакамітых землякоў. А яшчэ асобны этнаграфічны пакой, дзе захоўваюцца колішнія прадметы побыту продкаў, творчыя работы сучасных вяскоўцаў.

Наталля Бартошык і Галіна Грак тут не проста наглядчыкі і экскурсаводы. На іх плячах і прыборка, і ацяпленне дома. У халодную пару года паліць у печы даво­дзіцца два разы на тыдзень, каб холад і сырасць не пашкодзілі экспанаты.

– Зімой не вельмі ўтульна. Але як пацяплее, наведвальнікаў хапае. Тут захоўваецца часцінка гісторыі кожнай сям’і, гэта аб’ядноўвае мясцовых жыхароў, – гаво­рыць Наталля Бартошык.

Вядома, музей вёскі – не Луўр і Версаль. Але і ў ім хапае цікавых экспанатаў. Большую частку прынеслі самі жыхары Гарадзішча і нават з навакольных вёсак. Напрыклад, нямецкую каску і штык знайшлі ў полі навучэнцы Бокшыцкай школы. А старадаўнюю лыжку перадалі з суседняй вёскі Ленькі.

– Асабліва актыўна падключыліся дзеці: неслі і маслабойкі, і гліняны посуд, і саматканыя дываны… Перадавалі і лісты з фронту, – праводзіць экскурсію па музеі Наталля Пятроўна.

Ёсць і зусім унікальныя прадметы. Раней Гарадзішча славілася вытворчасцю гумовых галёшаў. Стараста вёскі Галіна Грак знайшла абсталяванне, з дапамогай якога працавалі мясцовыя майстры, і некалькі пар арыгінальнага абутку.

– А наогул мае любімыя экспанаты – самаробныя цацкі. Напэўна, у дзяцінстве не нагулялася. Калекцыю лялек ручной работы нашаму музею падарыла мясцовая жыхарка Наталля Скрыдлеўская. Усе цацкі ў нацыянальных слуцкіх строях. З гарадзішчанскім каларытам. Тут бо жылі беларусы-сакуны, у якіх была асаблівая гаворка, яны «сакалі»: «рабіласа», «чыталаса» і гэтак далей. Мой муж і да гэтага часу так размаўляе, – усміхаецца экскурсавод Наталля Бартошык.

У планах валанцёраў музея вёскі абсталяваць яшчэ адну этнаграфічную залу: у архівах захоўваецца нямала цікавых экспанатаў. Справа ўпіраецца ў фінансы – без спонсара прыйдзецца цяжкавата. Калі атрымаецца зрабіць памяшканне, там размесцяць і куток цацак, у якія гулялі нашы мамы і таты, бабулі і дзядулі. А самае галоўнае, што іх родная вёска – жыве. Сваю любоў да родных мясцін яны перадаюць сваім дзецям, якія, упэўнена, не забудуцца, як звалі прабабку і чаму іх продкаў называлі сакунамі.

Кацярына ЕЛІСЕЕВА

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий