Кошт даведкі


З просьбай дапамагчы прызначыць пенсію вясковец звярнуўся на прамую лінію, якую правёў мінулай суботай кіраўнік спраў аблвыканкама Уладзімір Гурыновіч.

Высветлілася, што праблема цалкам палягае ў бюракратычнай плоскасці. Жыхар Барысаўскага раёна патлумачыў: тэрмін прызначэння пенсіі па ўзросту наступіў 14 снежня. Дакументы Пётр Аляксандравіч аформіў загадзя ў лістападзе. Аднак на пачатку лютага высветлілася, што не хапае даведкі з Барысаўскага раённага спажывецкага таварыства, дзе мужчына калісьці працаваў. Зараз гэтая арганізацыя знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. І. як сцвярджае вясковец, выдачай даведак займацца ніхто не хоча. У такой жа сітуацыі апынуліся яшчэ з паўсотні чалавек.

Уладзімір Гурыновіч адзначыў, што гэта актуальна не толькі для Барысаўскага раёна – падобныя скаргі паступалі і з іншых мясцін. І што літаральна ў бліжэйшы панядзелак аблспажыўсаюз зоймецца вырашэннем праблемы. «МП», у сваю чаргу, абавязкова паведаміць, як дапамаглі людзям.

Тэлефанавалі на прамую лінію і, можна сказаць, са звыклымі пытаннямі. Напрыклад, у гарадскім пасёлку Зялёны Бор Смалявіцкага раёна перабоі з ацяпленнем. Мясцовая жыхарка паведаміла, што тэмпература ў кватэры добра калі 17 градусаў, батарэі ледзь цёплыя. На думку жанчыны, галоўная прычына – нездавальняюча працуе кацельня. Асноўнае паліва – торф, і ён вельмі дрэнна гарыць. Калі жыхары пачынаюць скардзіцца, тады прывозяць дранку. На тыдзень-другі сітуацыя паляпшаецца, а потым ўсё паўтараецца зноў.

Адсутнасць вулічнага асвятлення і дрэнныя дарогі – асноўныя праблемы ў вёскі Гарбузы, што непадалёк ад Дзяржынска. Ліхтары не гараць з лістапада.. Вяскоўцы сцвярджаюць: мясцовыя ўлады дагэтуль не заключылі дагавор на абслугоўванне. З дарогай больш складана. Яшчэ ў 90-я яе праклалі проста праз поле. І ў непагадзь палатно становіцца цалкам непраходным для пешаходаў і аўтамабіляў.
Уладзімір Гурыновіч запэўніў: пытанне з асвятленнем вырашыцца бліжэйшым часам – такая сітуацыя, на жаль. не толькі ў Дзяржынскім раёне. Абследуюць адпаведныя службы і стан дарогі.

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий