На трэці дзень «маладых» выбіралі з гасцей: як адзначалі вяселлі на Чэрвеньшчыне 50 год таму

Цяперашнія вяселлі 77-гадовая Валянціна Мікалаеўна Карчэўская лічыць нуднымі. Жыхарка вёскі Горкаўская Слабада Чэрвеньскага раёна: «Раней тры дні гулялі так, што напрыканцы даводзілася падмяняць жаніха і нявесту». Карэспандэнтам «МП» пашчасціла пабываць на рэканструкцыі гэтай незвычайнай традыцыі – адзначаць вяселле з падстаўнымі маладымі, і пераканацца ў слушнасці заўвагі мясцовага старажыла.

У аднапавярховым вясковым Доме культуры ўсмешлівыя бабулі ў стракатых хустках сядзяць на доўгай лаве і бурна абмяркоўва-
юць падрыхтаваную імі рэканструкцыю трэцяга дня вяселля.
– Адразу пасля роспісу маладыя ехалі ў хату жаніха. Адзначалі там з яго раднёй і сябрамі. Потым святкавалі ў нявесты. На трэці дзень кампаніі ядналіся. Вось тады пачынаўся поўны разгуляй. Прытым пара ўжо адпачывала, а іх месца за сталом займаў хто-небудзь з гасцей. Падстаўныя маладыя прымалі падарункі, пачуўшы «Горка!», цалаваліся, увогуле, часова бралі на сябе ўсе іх абавязкі, – прыгадвае Валянціна Мікалаеўна.

У залу ўваходзіць метадыст сектара фальклору і традыцыйнай культуры вёскі Горкаўская Слабада Ірына Маркушэўская. Праз плячо перавязаны ручнік – яна ў ролі свацці. Тая ніколі не сядзела на месцы, дапамагала падаваць стравы на стол ды разам са сватам выконвала абавязкі тамады.

Свацця сустракае гасцей, якія прыйшлі з пачастункамі.
– Традыцыйна дзяўчаты неслі вузельчыкі з трыма стравамі. Маг-
лі згатаваць печаную хатнюю каўбасу, аладкі, кісель, яечню. Абавязкова на стале павінна быць курыца – каб дзеткі радзіліся, і мёд – каб жыццё было салодкае ды багатае. Гатавалі з найлепшых прадуктаў. Кожны госць імкнуўся дагадзіць суседзям, разумеючы, што рана ці позна і да яго прыйдуць на вяселле, – гаворыць вядучая.
У залу ўваходзіць пара шаноўнага веку. Кабета трымае вузельчык з харчамі, а мужчына – вядро з зернем, хлебам і пітвом.

– Бутэлька павінна абавязкова быць з зялёнага шкла, што сімвалізуе новае жыццё. Зерне і хлеб дарылі на дастатак і сямейны
дабрабыт, – тлумачыць Ірына Маркушэўская.

Ну вось, усіх гасцей сустрэлі і на стол сабралі. Свацця прапаноўвае выбраць падстаўных маладых. Паводле яе слоў, такая традыцыя характэрная менавіта для Чэрвеньскага раёна. Так  і жаніх з нявестаю маглі адпачыць, і госці не заставаліся ў крыўдзе.

Усе сыходзяцца ў думцы, што найлепей для ролі падстаўных пады-
дуць Надзея Уладзіміраўна і Уладзімір Арсенцьевіч Леванцэвічы. Згаджаецца з гэтым і сама шлюбная пара. «Ёй» надзяваюць белы вэлюм, «яму» да штрыфля прышпільваюць папяровую кветку.
Сват, жвавы дзед Васіль Іванавіч Тумус, запрашае ўсіх за стол і камандуе напоўніць чаркі. Госці выпіваюць за здароўе маладых і пачынаюць дружна крычаць «Горка!». У адказ на гэта «жонка» раздае цукеркі са словамі «Вось вам, каб соладка было».

Гарманіст зацягвае песню «Вой, хацела ж мяне мацi замуж аддацi». Яго тут жа ўсе падтрымліваюць. Звонкія галасы, гармонік чуваць на ўсю вёску.

Размяўшы звязкі, народ другі раз выпівае па чарцы і крычыць «Горка!». «Жонка» прапаноўе пакаштаваць мёду. Аднак ізноў гэты фокус не праходзіць. Госці настойваюць на сваім. Пара здаецца і цалуецца.

Пасля трэцяй чаркі вады (усё ж рэканструкцыя) «маладыя» пачынаюць прымаць жартаўлівыя віншаванні і падарункі.
Бабуля Валянціна Мікалаеўна дорыць пары бервяно: «Вось вам палена, каб малады маладую пацалаваў у калена!».

Наступная госця працягвае «маладому» жменю цвікоў, а «нявесце» – хустку: «Даю вам усе гэтыя цвікі, каб у вас былі сынкі. Дару хусцінку, каб былі і дзяўчынкі».

Потым пары ўручаюць ніткі, «каб не глядзеў на чужыя лыткі», за імі – гузікі, «каб па хаце бегалі карапузікі». Прытым іх павінна быць столькі, «колькі і гузікаў». Налічылі ажно 10 дзяцей.

– Хоць бы хто падарыў пісталет, – смяецца «нявеста», – каб усё працавала сто лет. Інакш не паспеем столькі «шпунцікаў» зрабіць.
Далей пачынаюць адорваць купюрамі: «Вось вам грошы, каб дзеткі былі, як вы самі, харошы. А яшчэ дару рубель, каб была налета калыбель».

Потым пару абсыпаюць манетамі, прыгаворваючы: «Капеечка цок, цок, цок – маладая маладога цмок. Капеечка цок, цок – малады маладую цмок, цмок».

Падстаўныя цалуюць адно аднаго ў шчокі.
– Размяліся? А зараз – «Горка!» – ізноў камандуе сват. Пара не раскідваецца цукеркамі, а горача цалуецца, як на ўласным вяселлі гадоў 40 назад.

Пасля таго як госці досыць паелі-выпілі, пачынаюцца вясёлыя гульні. Бабуля Валянціна Мікалаеўна Карчэўская ставіць па цэнтры залы крэсла і ўсаджвае на яго свата, прыгаворваючы, што яму нельга з такой прычоскай і шчаціннем у госці хадзіць, трэба тэрмінова пастрыгчыся і пагаліцца.

– Не турбуйся, усё зраблю як у айлепшых хатах Парыжа і Лондана, – запэўнівае яна.

Дзядуля разумее, што адмаўляцца бессэнсоўна, і пакорліва сядае. Але з кожным рухам вясёлага «цырульніка» пачынае ўсё больш нервавацца. Перш-наперш Валянціна Мікалаеўна робіць яму маленькі хвосцік з банцікам на галаве, потым намыльвае твар і дастае з-пад лаўкі палатно касы. Яна праводзіць па лязу пальцам і ківае галавой – маўляў, вельмі завострана.

Узброіўшыся, бабуля, нібы крумкачыха, кружыць над «ахвяраю», разважаючы, з якога боку пачаць, і наганяючы яшчэ большага страху. Нарэшце спыняецца злева ад дзеда. Усе заміраюць у чаканні. Чуваць, як цікае насценны гадзіннік. Мы хвалюемся і ў той жа час з цікавасцю чакаем працягу. Але смяротны нумар касуюць – «цырульнік» здымае пену з твара кліента тупым бокам палатна.

Пасля такога «галення» яна надзявае свату наўзверх чаравікаў лапці, круціць яго ў танцы і потым робіць з ім разлік.

Расцэнкі мясцовай цырульні вышэйшыя, чым у сталічных барбершопах, – на драўляных лічыльніках Валянціна Мікалаеўна налічыла за сваю працу 358 рублёў 77 капеек. Аднак сват быў маральна гатовы да гэтага і працягнуў ёй 360 рублёў – недэнамінаваных.

– Маглі адзначаць да самага світанку. А цяпер што за вяселлі? Да 18.00 запросяць у кафэ, і ўжо ў 23.00 папросяць адтуль. Можа, у маладых зараз сіл менш? – жартуе яна.

Яўген Алейнік, фота Сятланы КУРЭЙЧЫК

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий