Намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Неўмяржыцкі правёў прамую лінію

Жыхар вёскі Вялікія Заўшычы Салігорскага раёна ўпэўнены: дарогу на Цэнтральнай трэба тэрмінова рамантаваць. Намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Неўмяржыцкі, які мінулай суботай правёў прамую лінію, даручыў мясцовым уладам разабрацца.

Пазалетась дарожнікі вялі ямачны рамонт, але з таго часу тут не дарога, а абы-што. Раней, калі яна лічылася на балансе ў сельсавеце,  Валерый Георгіевіч звяртаўся па дапамогу да старшыні, але без пэўнага выніку. Потым балансатрымальнікам стала дарожна- будаўнічая арганізацыя. Вясковец напісаў скаргу ў райвыканкам. З адказу  адтуль вынікала, што ліст разглядаюць у ЖКГ Салігорскага раёна. Пакуль ідзе бюракратычная цяганіна, ямы на вуліцы аб’язджаюць па зялёнай зоне, псуюць яе.

У Васіля Васільевіча з Салігорска іншая бяда. На аўтобусным маршруце Салігорск — Бабруйск скарацілі  прыпынкі. У “Мінаблаўтатрансе” даводзяць: калі павялічыць колькасць прыпынкаў, маршрут стане нерэнтабельны. Аднак салігарчанін не згодны з такім абгрунтаваннем.

— Па дарозе ад Салігорска да Глуска аўтобус робіць тры прыпынкі — у Любані, санаторыі «Рассвет» і ў Плюсне. У гэтай  вёсцы ад сілы 15 двароў,  а ў  аграгарадку Прусы Старадарожскага раёна, куды ездзяць шмат салігарчан, 500 двароў.  За 30 кіламетраў яшчэ адна вялікая  вёска. Дык чаму б не зрабіць прыпынак тут?! — не разумее логікі транспартнікаў Васіль Васільевіч.

А вось у Мядзеле патрэбна станцыя абезжалезвання. Паводле слоў мясцовага жыхара Аляксандра Іванавіча, не першы год з кранаў цячэ жоўта-карычневая вада. Прымаць водныя працэдуры  і мыць рэчы яшчэ можна, а ўжываць  такую ваду немагчыма.

Зварот Аляксандра Іванавіча накіравалі адпаведным службам аблвыканкама, каб дэталёва вывучыць. Як адзначыў Сяргей Неўмяржыцкі, забеспячэнне якаснай пітной вадой — актуальная праблема для Міншчыны.  Над яе вырашэннем вядзецца актыўная работа. Напрыклад, летась пабудавалі 50 станцый абезжалезвання, хаця планавалі  40.  Сёлета  ўвядуць у дзеянне яшчэ 63.  

Простая мова

Сяргей Неўмяржыцкі, намеснік старшыні аблвыканкама:

— Апошнім часам прамыя лініі носяць хутчэй кансультацыйны характар. Многія пытанні атрымліваецца вырашыць падчас гутаркі. У астатніх выпадках спецыялісты фіксуюць звароты, і ў адпаведнасці з заканадаўствам цягам месяца чалавек атрымлівае пісьмовы адказ.

Падчас гэтай прамой лініі паступіла каля 35 званкоў. Большасць пытанняў тычыліся дарожнай сферы і якасці пітной вады. Жыхароў Мінскага раёна турбавала будаўніцтва дзіцячых садкоў.

Сёлета будуем 8 дзіцячых дашкольных устаноў, але людзям хочацца ад прадстаўнікоў аблвыканкама пачуць, калі яны будуць уведзены.

Юлія ГАЎРЫЛЕНКА

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий