XXVII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш: пляцоўка камунікацый і сяброўства

У XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ўдзельнічаюць амаль 400 прадстаўнікоў з 30 краін. Здзіўляць кнігалюбаў у сталіцу Беларусі прыехалі найбуйнейшыя выдаўцы з Еўропы, Азіі і Амерыкі. Унікальныя праекты прадстаўляе і Мінская вобласць.

На адкрыццё выставы-кірмашу прыбылі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, кіраўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі, замежныя кнігавыдаўцы.

– У нашай краіне летась было выдадзена больш як 800 кніг на замежных мовах. Звыш 50 – на англійскай. Тут кожны знойдзе нешта сваё. Прыходзьце на выставу, адкрывайце новы свет і памятайце, што кніга з’яўляецца шырокай пляцоўкай для камунікацыі і сяброўства, – адзначыў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.

Выстава павінна адлюстроўваць творчасць пісьменнікаў, таму кожны аўтар разглядае яе як своеасаблівы экзамен перад наведвальнікамі і чытачамі. Такую думку выказаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

– Сёлета многія пісьменнікі прысвяцілі свае кнігі 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, – падкрэсліў Мікалай Іванавіч. – Я сустрэў на выставе дзясяткі паслоў з розных краін. І пераканаўся, што кніга – гэта той аб’яднальны цэнтр, які можа вырашаць шматлікія пытанні ў гуманітарнай сферы і палітыцы.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур адзначыла, што амерыканцы з гонарам прынялі запрашэнне Міністэрства інфармацыі заняць месца цэнтральнай экспазіцыі на выставе-кірмашы. Ужо больш за 20 год амбасада ўдзельнічае ў міжнародным форуме і расказвае гісторыю Амерыкі праз розныя тэмы, жанры і фарматы.

– Гэта наш 22-гі ўдзел у кніжным кірмашы з 1998 года. Сёлета на стэндзе будзе шмат кніг пра падарожжы. Наша мэта – паказаць магію, таямнічасць і разнастайнасць амерыканскіх дарог, краявідаў, паркаў і гарадоў. У дзяцінстве падчас канікулаў мы з бацькамі часта вандравалі па шырокай амерыканскай дарозе, – згадала Джэніфер Мур.

XXVII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш будзе працаваць па 9 лютага. Адбудзецца каля 500 прэзентацый, круглых сталоў, семінараў, сустрэч і аўтограф-сесій.

Калекцыя аўтографаў і цукеркі з Нясвіжа

Барысаўская цэнтральная раённая бібіліятэка імя Каладзеева ўдзельнічае ў выставе ўпершыню. Супрацоўнікі прывезлі на кірмаш копіі кніжных старонак з аўтографамі знакамітых пісьменнікаў. І гэта толькі сотая частка калекцыі.

– Для выставы мы зрабілі копіі старонак з аўтографамі. Усё складзена з улікам тэматычнай разбіўкі, размежавана па гадах. Кожны жадаючы можа пагартаць папкі, на свае вочы пабачыць каштоўныя подпісы, – гаворыць супрацоўнік бібліятэкі Валянціна Сакалова.

Валянціна Васільеўна расказала, як трапляюць у бібліятэку кнігі з аўтографамі.

– Шмат выданняў падарылі сябры пісьменнікаў – Янкі Маўра, Максіма Танка, Івана Шамякіна. А вось аўтограф Міхася Клімковіча, аўтара гімна БССР, – паказвае адну з папак суразмоўца. – Калісьці ў Барысаве жыў вельмі вядомы для нашага горада чалавек – Яўген Замерфельд. Сярод яго сяброў і знаёмых былі пісьменнікі. Яны дарылі яму кнігі і падпісвалі іх. Так сабралася цэлая калекцыя.

Самы стары аўтограф датуецца 1946 годам: яго на ўласным выданні пакінуў беларускі пісьменнік Янка Маўр. А бібліятэцы кнігу перадала дачка Яўгена Замерфельда.

– Мы часта праводзім творчыя сустрэчы, аўтары падпісваюць свае кнігі і дораць установе. Нядаўна ў госцях была Людміла
Рублеўская, таксама падарыла сваю кнігу з аўтографам…
Упершыню ўдзельнічаюць у Мінскай міжнароднай кніжнай выставе і прадстаўнікі Нацыянальнага гісторыка культурнага музея-запаведніка «Нясвіж».

– У нас ёсць што паказаць, – гаворыць першы намеснік дырэктара музея-запаведніка Наталля Жарко. – У першую чаргу гэта трохтомнік, выдадзены за апошнія чатыры гады і прысвечаны палацава-паркаваму ансамблю. Таксама прадстаўляем зборнікі нашых навуковых даследаванняў, канферэнцый, выставачныя каталогі і сувенірную прадукцыю, якая карыстаецца попытам у турыстаў, што наведваюць наш музей.

Большасць кніг выдадзены на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Ёсць цікавыя даведнікі, у тым ліку і на польскай мове. Супрацоўнікі музея-запаведніка прывезлі на выставу шакалад «Чорная панна Нясвіжа» і «Нясвіжскія цукеркі» ад кандытарскай фабрыкі «Камунарка» – своеасаблівыя брэнды Нясвіжскага палаца.

А якую кнігу вы цяпер чытаеце?

З такім пытаннем «МП» звярнулася да наведвальнікаў выставы.

Вольга Самусевіч, дэкан факультэта журналістыкі БДУ:

– Хаджу па выставе і вельмі хачу знайсці якую-небудзь цікавую кнігу на беларускай мове. Шмат выдавецтваў прадстаўляе новую літаратуру. Я хацела б пачытаць новыя творы Алеся Бадака ці паэтычныя зборнікі, якія нядаўна выйшлі. У кнігарні можна не проста выбраць, штó пачытаць. Тут табе яшчэ і параяць, штó лепш узяць.

Рэнат Ібрагімаў, эстрадны спявак:

– Шчыра скажу, зараз мала чытаю мастацкай літаратуры, шмат часу прысвячаю вывучэнню Карана. Для мяне гэта галоўная кніга, якую варта ведаць, аснова ўсіх ведаў. Але я і сам пішу, і стараюся, каб у творы было шмат інфармацыі. Кніга павінна прынесці максімум карысці: каб чалавек не дарма патраціў свае грошы і час – такі мой прынцып.

Мікалай Чаргінец, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі:

– Прачытаў некалькі кніг Мікалая Ільінскага: «Памылка Манамаха», «Квітнела, квітнела чаромха…». Выдатныя кнігі напісаў Вячаслаў Бандарэнка, які закрануў асабліва важную тэму Першай сусветнай вайны. На нашай зямлі пахавана не менш як мільён салдат розных нацыянальнасцей. Таму такія тэмы важна ўзнімаць, важна вярнуць забытыя імёны ў гісторыю.

Лілія Ананіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:

– З вялікім задавальненнем прачытала кнігу Уладзіміра Дражына, у якой ён знаёміць чытача са сваёй малой радзімай. Таксама мне спадабалася кніга Леаніда Дранько-Майсюка і Анатоля Клешчука «Кветкавы край Беларусі».

Вячаслаў Рагойша, літаратуразнаўца, крытык:

– Чытаю шмат навуковай літаратуры, яна мне патрэбна для працы над новай кнігай.

А на мастацкую і часу няма.

Мікалай Чарняўскі, пісьменнік, лаўрэат прэміі імя Янкі Маўра:
– Я больш чытаю творы беларускіх пісьменнікаў і тое, што друкуюць у нашай літаратурнай перыёдыцы. Пастаянна выпісваю і чытаю часопіс «Полымя», вось пачаў знаёміцца з новым раманам Георгія Марчука. Сачу і за тым, што друкуюць у «Маладосці». Цікаўлюся сучаснай беларускай літаратурай.

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий