Справа Анціпцавых

З найлепшым старшым камбайнерам Мінскай вобласці па выніках жніва-2019 сустракалася ўжо не раз. Але заўсёды ў полі, калі хлебаробам не да размоў.
Адарвецца чалавек на колькі хвілін ад працы і зноў у кабіну. Таму напрасіліся ў госці зімою.

Аляксандр Анціпцаў працуе механізатарам у саўгасе «Рачкавічы» Беларускай чыгункі. Жыве тут жа, у вёсцы Новыя Рачкавічы. Жоўты дом Анціпцава заўважна вылучаецца на шэрым пейзажы.
Гаспадар выходзіць насустрач. Зімой працоўны дзень не зацягваецца да ночы, як летам.

– На трактары працы і зараз хапае: арганіку развезці, зерне даставіць. Але ўсё роўна не такая загружанасць, як вясной, улетку і восенню, – гаворыць Аляксандр.

Ён адкрывае брамку і адразу праводзіць невялікую экскурсію. Роўныя палосы агарода, за імі – вялікі фруктовы сад з яблынямі, грушамі і абрыкосамі, побач з домам – дзіцячая пляцоўка, зрабіў для ўнука Мацвея. Паказаў і гаспадарку – Анціпцавы трымаюць свіней і курачак. Потым запрашае ў хату: маўляў, жонка ўжо заварыла гарбату, чакае.

На сцяне ў калідоры вялікі партрэт Аляксандра, напісаны да «Дажынак». У гасцінай, на самым бачным месцы, узнагароды перадавіка. Адразу адчуваеш, што поспехамі мужа, бацькі і дзеда сям’я ганарыцца. Жонка беражліва выразае з газет ўсе артыкулы пра мужа і захоўвае ў асобных папках, іх ужо некалькі.

– Ён жа з першых гадоў у ліку найлепшых! Спачатку сярод маладых экіпажаў, цяпер вось як старшы камбайнер, – з гонарам кажа Вольга. – Працуе шмат, але энергіі яму хапае на ўсё, не толькі на працу. І на канцэрты ў гарадскі Дом культуры часта ездзім, і на святах ён у ліку першых танцораў. Сёлета адзначым сярэбранае вяселле.

І спадзяюся, што ўдасца ажыцця­віць даўнішнюю мару – з’ездзіць на мора. Толькі альбо да жніва, альбо пасля ўжо…

Вольга запрашае на гарбату і пірог – сама пякла: незвычайны, мандарынавы. І вельмі смачны.

– У нас і Саша выдатна гатуе! – расказвае гаспадыня. – Фірмовыя яго стравы – дранікі і шашлык, нават у мяне так смачна не атрымліваецца. Калі чакаем гасцей, ён заўсёды дапамагае на кухні: і салату можа зрабіць, і бутэрброды.

У сям’і Анціпцавых усе працавітыя. Бабуля Аляксандра працавала ў калгасе паляводам, дзед  – шафёрам.

– Тата мой таксама быў механізатарам у Рачкавічах. Пастаянна катаў нас з братам і сястрой на трактары. Дарэчы, ён і зараз не сядзіць без справы, у гарачую пару дапамагае мясцовай гаспадарцы, – расказвае пра сваякоў Аляксандр, гартаючы сямейны альбом. – І я з дзяцінства, як бацька, хацеў сесці на трактар…

Аднак, скончыўшы школу з сярэбраным медалём, паступіў у БДУ на гістарычны факультэт. Потым ажаніўся – яны з Вольгай з адной вёскі – і пераехаў жыць у Мінск. Случчына магла застацца без добрага механізатара, але на 4-м курсе Аляксандр зразумеў, што не зможа працаваць настаўнікам у школе.

Вольга Анціпцава беражліва збірае артыкулы пра мужа

– Мне падабалася вучыцца, цікава было ўдзельнічаць у раскопках курганоў падчас археалагічнай практыкі. Але педагогам я сябе не бачыў. Таму кінуў універсітэт і вярнуўся ў Рачкавічы: кіраўнік сельгаспрадпрыемства прапанаваў работу механізатара, паабяцаў нам з жонкай уласны дом з усімі выгодамі.

Аляксандр Анціпцаў стаў працаваць на трактары, потым дапамагаў бацьку на жніве, а ў хуткім часе сеў за штурвал камбайна. Праз пару-тройку год да яго ў памагатыя прыйшоў малодшы брат Уладзімір.
– Брат жыве ў Мінску, але штолета падчас уборачнай бярэ адпачынак і прыязджае дапамагаць. Напэўна, натура ў нас, Анціпцавых, такая: любім працаваць на зямлі! – усміхаецца суразмоўца.

І так ужо 23 гады працуе Аляксандр у роднай вёсцы. Аб сваім выбары не шкадуе: у сельскай гаспадарцы хто хоча, той заўсёды заробіць.
Старэйшая дачка Юлія таксама засталася ў Рачкавічах. Малодшая, Анастасія, вучыцца ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю. Прадоўжыць
дынастыю механізатараў плануе ўнук Мацвей. Ён любіць хадзіць на працу да дзядулі. А на пытанне, кім стане, калі вырасце, пяцігадовы хлопчык упэўнена адказвае:

– Буду як дзед Саша! – і паказвае сваю любімую цацку – жоўты трактар.

І дзед упэўнены: будзе каму прадоўжыць справу Анціпцавых!
…Праводзячы мяне да аўтобуса, Аляксандр на хвіліну затрымаўся ля брамкі і паказаў на куст бэзу – на ім ужо з’явіліся пупышкі.
– Толькі б маразы не ўдарылі! – заклапочана вымавіў. – Снегу няма – бяда: пацерпяць азімыя….

Разумею, што ён ужо рыхтуецца да вясны. Да жніва…

Кацярына ЕЛІСЕЕВА




Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий