Творчы подых Балтыкі Міхаіла Горбача

Майстар Міхаіл Горбач з аграгарадка Пяршаі Валожынскага раёна, натхнёны марской стыхіяй, стварае арыгінальны драўляны дэкор.

Настальгія па марскому гарызонту спадахвоціла яго перапланаваць тыповую вясковую хату, некалі пабудаваную бацькам. У афармленні жылля шмат «марскіх» дэталей. На другі паверх, у які ператвораны паддашак, вядуць драўляная ўсходы. Здаецца, нібы падымаешся з каюты на палубу. Поручні дэкараваны фігурнымі чыгуннымі элементамі ад старых нажных швейных машынак. Пад лесвіцай для каларыту – самаробны драўляны куфар.

Майстру пад сілу любая рамонтная задача. Ён самастойна асвоіў сталярнае, слясарнае і зварачнае рамяство. Сцены ў хаце абшыў залацістай вагонкай – так утульней. Зрабіў водаправод, ацяпленне. Змайстраваў і нямала разной мэблі – стол, крэсла, ложак.
…Мора, як і горы, валодае магічнай сілай. Убачыш яго адзін раз – і не забудзешся праз усё жыццё.

– Доўгі час я жыў на балтыйскім узбярэжжы. Скончыў школу і адразу паехаў з родных Пяршаяў у Рыгу. Паступіў у мараходнае вучылішча на аддзяленне рамонту карабельнага абсталявання. І трохгадовую «тэрміновую» таксама служыў на флоце, працаваў у рыжскім порце. На радзіму вярнуўся толькі ў 1999-м, – расказвае Міхаіл Міхайлавіч.
Нават для вернай аўчаркі Рэма гаспадар прыстасаваў старую дубовую бочку – у такіх на суднах перавозілі вадкія грузы. Умелец абнёс бочку драўлянай канструкцыяй – атрымалася будка-церам з «балкончыкам».

За хатай пасвяцца авечкі – гадаванцы сям’і. Воўна ў іх хвалістая, быццам марскі абсяг: правядзеш рукой па кучаравай спіне – і на імгненне ўспомняцца хвалі Рыжскага заліва. Руно пасля стрыжкі авечак не выкідваецца: маці, Ядвіга Мікалаеўна, прадзе з яго ніткі, вяжа шкарпэткі, воўна выдатна падыходіць і для пашыву фастрыгаваных коўдраў.

У двары ўмелымі рукамі гаспадара пабудавана альтанка з ясеню, устаноўлены дыхтоўныя драўляныя лаўкі. Дрэвам абабіта старая студня. Ганак хаты ўпрыгожваюць самаробныя «шторкі» з кляновых круглякоў.

– На ветры іх драўляныя звёны пагойдваюцца і, стукаючы адно аб адно, ствараюць прыглушаную самотную мелодыю, якая нагадвае ціхі пошум мора. Узімку такія «фіранкі», апроч эстэтычнага, маюць і практычнае значэнне – засцерагаюць ганак ад снегу, – заўважае Міхаіл Горбач.

У міжаконнях па перыметры дома прымацавана з дзясятак фігурных калон – балясін. Умелец выразае іх з алешыны, елкі і іншых парод дрэва. Архітэктурныя элементы масіўныя, нібы мачты на караблі, – такі мастацкі почырк майстра. Аднак візуальна яны надаюць хаце лёгкасць, нясуць у сабе матывы народных казак. Пры ўваходзе на двор драўляныя веснічкі: брамка – з дубу, стойкі – з асіны. А за імі – скульптуры казачных персанажаў: драўляныя мядзведзь і лесавік запрашаюць падзівіцца на рукатворную прыгажосць.

Праца ў сталярцы не спыняецца. Міхаіл Горбач задумаў зрабіць драўлянага капітана марскога флоту. Пяршайцы ведаюць: кожную загатоўку яго залатыя рукі зробяць сапраўдным шэдэўрам.

Алена ПАШКЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий