У Салігорску будуюць дом для работнікаў «Беларуськалія»

У новым, 21-­м, мікрараёне Салігорска актыўна будуюць дом на 322 кватэры для работнікаў «Беларуськалія». Гэтая 16-павярхоўка падаецца ледзь не пачаткам новага трэнда горадабудаўніцтва. Кожная секцыя будзе ўзводзіцца на розных узроўнях (13, 14, 15 і 16 паверхаў), а з вышыні птушынага палёту дом нагадвае дыядэму.

Праектам прадугледжваецца добраўпарадкаванне двара, размяшчэнне там гульнявых і спартыўных пляцовак.

Побач з’явіцца паркінг на два ярусы — ніжнім (заглыбленым) і верхнім. Магчыма, гэта стане добрым прыкладам для будаўніцтва аналагічных аб’ектаў і ў іншых кутках райцэнтра. Праблема паркоўкі актуальная для Салігорска.

Згадваю, як у чэрвені 2017-га на пасяджэнні савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз архітэктараў» і савета галоўных архітэктараў абласцей, раёнаў і гарадоў краіны дойліды амаль у адзін голас гаварылі: ва ўсіх вышынных будынках, асабліва ў тых, што выходзяць сваім фасадам на вуліцу, першы паверх павінен быць прыстасаваны пад размяшчэнне розных арганізацый сферы гандлю або паслуг — невялікіх кафэ, магазінчыкаў, цырульняў. У Салігорску раней так не будавалі. А вось новы праект дома «Беларуськалія» такую практыку разбурае: першы паверх будзе мець гандлёва-паслугавы функцыянал.

У мінулым годзе кампанія рэалізавала шмат уласных сацыяльных праектаў. Так, напрыклад, пабудавана некалькі жылых дамоў для работнікаў Петрыкаўскага горна-абагачальнага камбіната. Прадпрыемства плануе там узвесці яшчэ інтэрнат і дзіцячы сад.

Шмат зроблена ў Салігорску. Летась гасцініца калійшчыкаў «Алеся» пасля маштабнай рэканструкцыі атрымала сертыфікат на адпаведнаць катэгорыі «чатыры зоркі». У канцы года пасля карэннай рэканструкцыі быў здадзены другі корпус санаторыя «Бярозка». У 2019-м ААТ узялося за рэканструкцыю спарткомплексу «Шахцёр», інтэрната на вуліцы Заслонава (ён, дарэчы, ператвараецца ў шматкватэрны жылы дом).

Сяргей КВIТКЕВIЧ, фота Аляксандра КАЛЕСНIКАВА

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий