Вырашыць праблему адным званком

Вярнуць маршрутку, зрабіць зручным расклад аўтобуса і пашырыць асартымент і якасць прадукцыі ў аўтакраме… З адной толькі вёскі Навасёлкі-1 Маладзечанскага раёна на прамую лінію аблвыканкама паступіла адразу тры пытанні.

Ад імя аднавяскоўцаў патэлефанавала Фаіна Іосіфаўна. Пенсіянерка расказала, што з лютага адмянілі маршрутку, якая хадзіла ў Мінск праз многія населеныя пункты Маладзечанскага раёна, у тым ліку праз іх вёску. Пасажыраў нават не папярэдзілі пра змены, на прыпынку па-ранейшаму вісіць расклад руху. У ім значыцца і адмененая маршрутка, людзі стаяць і чакаюць гэты транспарт. Жыхары Навасёлак-1 просяць вярнуць маршрут, бо цяпер вельмі нязручна дабірацца да райцэнтра.
Незадаволены яны і графікам мясцовага рэйсавага аўтобуса, што заходзіць сюды ў сераду і суботу. Паводле слоў пенсіянеркі, у выхадны дзень транспартам звычайна карыстаюцца дачнікі, у будні – мясцовыя жыхары. А нядаўна жыхары вёскі даведаліся, што хутка аўтобус будзе хадзіць толькі па суботах, што выклікала ў іх буру негатыўных эмоцый.
Шмат пытанняў у мясцовых і да якасці прадукцыі ў аўтакраме. Сцвярджаюць, што прадукты там не заўсёды свежыя, нават прыводзяць прыклады няўдалых пакупак. Для вырашэння праблемы людзі прапануюць дазволіць прыватнай аўтакраме, якая праз вёску праязджае, але не спыняецца, таксама іх абслугоўваць.
Намеснік старшыні аблвыканкама Іван Маркевіч уважліва выслухаў усіх, хто звярнуўся ў гэты дзень на прамую лінію. Ён запэўніў: ніводнае пытанне грамадзян не застанецца без увагі. Спецыялісты адпаведных службаў іх вывучаць і прапануюць шляхі вырашэння.

Больш за ўсё званкоў у мінулую суботу паступіла ад жыхароў Мінскага, Чэрвеньскага, Маладзечанскага і Дзяржынскага раёнаў. Пытанні ўзнімаліся розныя, але больш за ўсё людзі скардзіліся на работу камунальнікаў.

Юлія БРОЖЫНА

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий