Пане Каханку любіў бяседы, а Францішка Уршуля – абцасы

Адкрыліся невядомыя раней факты пра два пакаленні Радзівілаў

Вывучалі пахаванні князёў Радзівілаў спецыялісты з Беларусі і Літвы. Галоўнай мэтай стала ідэнтыфікацыя астанкаў, захаванне і рэстаўрацыя прадметаў, выяўленых у саркафагах. У прыватнасці, былі вывучаны пахаванні прадстаўнікоў двух пакаленняў XVIII стагоддзя: Міхала Казіміра Рыбанькі, яго жонкі Францішкі Уршулі, брата Гераніма Фларыяна, а таксама сыноў Караля Станіслава Пане Каханку і Гераніма Вінцэнта.

Многія прадметы, што захоўваліся ў саркафагах, разбурыліся, таму іх пакінулі на захоўванні ў фондах музея-запаведніка для вывучэння і рэстаўрацыі. Паводле слоў гісторыка, іншага выйсця не было: далейшае знаходжанне артэфактаў у крыпце прывяло б да іх знішчэння. У Беларусі і так згублена нямала гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Якія ж адкрыцці і знаходкі зрабілі навукоўцы?

Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька быў невысокім – усяго
163 сантыметры

– Мы можам казаць пра тое, што гетман быў даволі плячыстым мужчынам. Яго рост складаў усяго 163 сантыметры, а аб’ём стану – 116 см. Калі яго хавалі, на галаве быў надзеты капялюшык, ад якога захаваліся толькі шаўковая падкладка, вата (ёю быў падбіты галаўны ўбор) і фрагменты футравай аблямоўкі. Апрануты ён быў у льняную кашулю і касцюм з сіняй шэрсці на шаўковай падкладцы. На грудзях вышыта васьміканцовая зорка ордэна Белага Арла, кавалерам якога быў вялікі гетман, з дэвізам Pro fide, lege et rege – «За веру, караля і закон», – кажа гісторык.

Каштоўным экспанатам, які можна будзе ўбачыць на выставе, стануць фрагменты шаблі-карабелы і драўляных ножнаў, абцягнутых чорнай скураю. Шабля адносіцца да даволі пашыранага ў XVII–XVIII стагоддзях тыпу халоднай зброі. Добра захавалася касцяная ручка ў форме галавы арла з загнутай уніз булавешкай. А вось сам клінок распаўся на некалькі фрагментаў.

Францішка Уршуля Радзівіл насіла туфлі на высокіх абцасах

Першая жонка Міхала Казіміра Радзівіла Францішка Уршуля памерла ў 1753 годзе. Вывучыўшы астанкі, навукоўцы пацвердзілі, што жанчына пакутавала ад артрыту каленных суставаў. Вядома, што Францішка Уршуля часта скардзілася на болі ў суставах, але гэта не перашкаджала ёй насіць даволі экстравагантны абутак. Пахавана яна была ў абцягнутых шоўкам вастраносых туфлях з тонкай скуры на высокім абцасе, якія таксама будуць прадстаўлены на выставе.

Геранім Фларыян Радзівіл быў лысым, але з ідэальнымі зубамі
Прах гэтага прадстаўніка знакамітага роду быў забальзамаваны і да нашых дзён добра захаваўся. Зрэшты, як і моднае адзенне XVIII стагоддзя, якое было на ім: доўгая льняная кашуля з карункавым каўняром і абшыўкамі, пальчаткі з тонкай светлай скуры, шаўковыя панчохі з арнаментам, туфлі з узорнай парчы на абцасе.

Пасля смерці з цела дасталі органы, а сэрца князя доўгі час захоўвалася ў слуцкім касцёле, пакуль у 1882 годзе яго не знайшоў пісьменнік і гісторык Аляксандр Ельскі. Пазней яно было перанесена ў Нясвіж і з той пары захоўваецца ў асобнай пасудзіне побач з саркафагам князя.

Паводле слоў Андрэя Блінца, увагу антраполага прыцягнулі дзве асаблівасці: ідэальныя здаровыя зубы – рэдкасць для таго часу, і адсутнасць слядоў валасоў на галаве.

Пане Каханку любіў бяседы і пакутаваў ад атлусцення

Імя Караля Станіслава Радзівіла па мянушцы Пане Каханку, аднаго з самых экстравагантных прадстаўнікоў роду, яшчэ пры жыцці абрасло легендамі і стала сінонімам магнацкага свавольства і магутнасці.
Князь памёр у лістападзе 1790 года. Доўгі час цела знаходзілася ў капліцы Слуцкай брамы, а потым было перанесена ў фамільную крыпту.

Падчас даследаванняў антраполагі выявілі, што нябожчык пакутаваў ад хвароб зубоў і суставаў, якія маглі быць выкліканы няправільным харчаваннем і атлусценнем. Гэта і не дзіўна, бо, як вядома, Пане Каханку быў аматарам бясед. Пры гэтым ён быў значна вышэйшы за сваіх сваякоў – 175 см.

Спецыялісты, якія даследавалі крыпту ў 1953 годзе, апублікавалі ў часопісе «Нёман» артыкул «Нясвіжскія муміі». Пра пахаванне Пане Каханку было напісана наступнае: «У новым, перавязаным дротам саркафагу-футарале, мы знайшлі вельмі лёгкую труну, пакрытую лакам. У ёй пад пластом шэрага пылу ляжала мумія, апранутая ў добра захаваны ярка-чырвоны кунтуш з тонкага шоўку без падкладкі, з узорным Слуцкім поясам, з блакітнай муаравай ордэнскай стужкай праз плячо, з рэшткамі высокіх ботаў, але без штаноў… На галаве мы знайшлі некалькі фрагментаў тонкай ружовай і белай шаўковай тканіны». Навукоўцы выказалі здагадку, што нябожчык быў апрануты ў шарсцяныя порткі і футравы капялюш, якія знішчыла моль – супраць яе яшчэ не было нафталіну.

Амаль праз 65 год навукоўцы, як і іх калегі ў 1953-м, выявілі фрагменты блакітнай і жоўтай муаравай стужкі – на такіх насілі ордэны Белага Арла (найвышэйшая ўзнагарода Рэчы Паспалітай) і Чорнага Арла (найвышэйшая ўзнагарода Прускага каралеўства), якімі быў узнагароджаны Караль Станіслаў. Пры гэтым саміх ордэнскіх знакаў у саркафагу не было.

– Цікавы момант і са Слуцкім поясам, які бачылі савецкія даследчыкі. У саркафагу мы знайшлі толькі фрагмент – цэнтральную частку шаўковага пояса, на якой срэбнай ніткай вытканы ўзор у выглядзе папярочных палос з кветкавым арнаментам і залатых палёў. Моцна скамечаны, ён знаходзіўся пад правым плячом Пане Каханку. У чым прычына такога перамяшчэння і калі яно адбылося, сказаць цяжка, –
кажа Андрэй Блінец. – Тым не менш гэта ўнікальная знаходка.

У Беларусі захавалася ўсяго паўтара дзясятка падобных паясоў і іх фрагментаў. Важна і тое, што пояс звязаны з адным з самых каларытных персанажаў нясвіжскай гісторыі.

Хто спачывае ў труне без подпісу?

Падчас работ таксама былі даследаваны раней неідэнтыфікаваныя астанкі высокага мужчыны гадоў трыццаці.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Адзенне амаль знішчылася, але яго датавалі канцом XVIII стагоддзя. Досыць добра захавалася вышытая на адзенні металічнай ніткай зорка баварскага ордэна Святога Губерта. Менавіта такім ордэнам быў узнагароджаны памерлы ў 1786 годзе 27-гадовы сын Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі Геранім Вінцэнт, астанкі якога, хутчэй за ўсё, і былі выяўлены. Малады чалавек не адрозніваўся палітычным і вайсковым талентам, але быў блізкім сябрам свайго адзінакроўнага брата Караля Станіслава Радзівіла.

Пахаванне Гераніма Вінцэнта, адзначае Андрэй Блінец, стала апошняй маштабнай цырымоніяй такога роду ў Нясвіжы – усе наступныя праходзілі больш сціпла. Толькі на ўпрыгожанне касцёла пайшло каля 2000 локцяў (1300 метраў) аксаміту. Ля труны стаяла ганаровая варта з рарытэтнай зброяй, якую апошні раз дасталі з княжацкай скарбніцы для ўсеагульнага агляду. Разам з князем пахавалі яго сына Мікалая, які памёр дзіцем, і маці – Ганну Луізу, астанкі якой былі прывезены ў Нясвіж.

Пасля пахаванняў Караль Станіслаў Радзівіл сказаў: «Я пахаваў таго, хто павінен быў пахаваць мяне, а мяне не пахавае ніхто». Гэтыя словы былі прароцкімі.

Юлія ГАЎРЫЛЕНКА

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий