Сезонныя праблемы і пытанні

Жыхары Міншчыны падчас прамой лініі, якую мінулай суботай правяла старшыня абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, прасілі дапамагчы з рамонтам дарог і жылля, асвятленнем вуліц. Здзівіў званок з прысталічча: жанчыне карцела даведацца, як называецца вуліца, на якой яна жыве…

Жыхарам вёскі Гарэнічы Бярэзінскага раёна небяспечна выходзіць на вуліцу: па населеным пункце бегае зграя беспрытульных сабак. Перш чым тэлефанаваць у аблвыканкам, Аляксандр Яўгенавіч звяртаўся і да камунальнікаў, і ў сельвыканкам, але рэакцыі, паводле яго слоў, не было.
Старшыня Бярэзінскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Лашкоўскі запэўніў: у бліжэйшы час будуць прыняты ўсе патрэбныя меры.
Вуліца Прыдарожная ў вёсцы Задомля Смалявіцкага раёна патанула ў цемры. Паводле слоў мясцовага жыхара Мікалая Георгіевіча, такое адбываецца не першы месяц. Звяртаўся ён па дапамогу да мясцовых улад – безвынікова.
Старшыня абласнога Савета дэпутатаў патлумачыла, што работы па замене вулічнага асвятлення праводзяцца ў рамках новага нарматыўнага дакумента. Як толькі будзе заключаны дагавор паміж райвыканкамам і РЭС, спецыялісты зоймуцца ліхтарамі. Наталля Якубіцкая таксама звязалася па тэлефоне са старшынёй Азярыцка-Слабадскога сельвыканкама Дзмітрыем Кудзіным, які адзначыў: святло на Прыдарожнай можа з’явіцца ўжо на гэтым тыдні.
Дачнікі, адразу трое, папрасілі абсталяваць аўтобусны прыпынак каля аўтазаправачнай станцыі паблiзу пасёлка Сокал Смалявіцкага раёна.
– Усе, хто звярнуўся на прамую лінію з гэтай просьбай, – людзі сталага ўзросту. У большасці няма машын, а дабірацца пешкі цяжка, таму зразумела, што яны хочуць максімальна скараціць шлях да дачных участкаў. Звароты мы ўзялі на кантроль. Будзем абмяркоўваць пытанне і з аператарамі маршрутных таксі, і з «Мінаблпасажыртрансам», – адзначыла Наталля Якубіцкая.


Наталля Якубіцкая, старшыня абласнога Савета дэпутатаў:

– Два жыхары вобласці папрасілі дапамагчы з пошукам працы. У кожным раёне вобласці ёсць камісіі па працаўладкаванню, гэтыя пытанні будуць накіраваны старшыням камісій. Такія звароты здымаем максімальна хутка. Калі грамадзянін хоча працаваць, яму абавязкова паступіць прапанова. Усяго ж на прамую лінію было 28 званкоў. Да вырашэння пытанняў адразу падключаем райвыканкамы, раённыя Саветы дэпутатаў, сельсаветы.

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий