Шэсць хвілін не дробязь

На адсутнасць урачоў, сотавай сувязі і вулічнага асвятлення скардзіліся жыхары Міншчыны падчас прамой лініі, якую ў суботу правёў кіраўнік спраў аблвыканкама Уладзімір Гурыновіч.

Толькі па праблеме, звязанай з работай грамадскага транспарту, патэлефанавалі пяць чалавек. Таіса Іванаўна з вёскі Гарадзішча Мінскага раёна расказала, што аўтобус, які кожны дзень ходзіць у вёску Чыкі, раней прыязджаў у 6.17, цяпер – у 6.23. Як патлумачылі ў аўтапарку, расклад нядаўна памянялі. Аднак для ўсіх, хто звычайна карыстаецца аўтобусам, гэта нязручна. Шэсць хвілін, паводле слоў пенсіянеркі, маюць значэнне. Грамадзяне просяць вярнуць ранейшы расклад.
Клаўдзія Акілеўна з вёскі Ганькаўка Крупскага раёна таксама падзялілася набалелым. На выхадных яна збіралася адвезці 83-гадовую маці ў бальніцу. Аднак не атрымалася: аўтобус, што ходзіць па маршруце Крупкі – Мхерына, не з’явіўся.
– У гэтага рэйса няма выразнага раскладу. Аўтобус прыходзіць, калі захоча, – паскардзілася Клаўдзія Акілеўна.
І Канстанцін Мікалаевіч з вёскі Бышанка Чэрвеньскага раёна незадаволены работай транспарту. Раней аўтобус хадзіў у чатыры аддаленыя вёскі, у тым ліку ў Бышанку. А восем месяцаў таму спыніў перавозку пасажыраў.
– У нашай вёсцы жывуць 17 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей, – тлума­чыць Канстанцін Мікалаевіч. – Дарослым трэба на працу, дзецям – у школу. Як тут абысціся без аўтобуса?
Па словах Уладзіміра Гурыновіча, усе пытанні будуць адрасаваны службам, што займаюцца зацвярджэннем раскладу грамадскага транспарту.
Жыхар вёскі Раўбічы Мінскага раёна Мікалай Мікалаевіч хвалюецца за свой участак. Дуброўскае вада­сховішча падтапляе бераг, на якім знаходзіцца яго дом.
– Ружа вятроў тут такая, што вада размывае паўднёвы бераг, – кажа Мікалай Мікалаевіч. – Ад вадаёма да майго плота – каля метра. Здаецца, тут ёсць два магчымыя варыянты вырашэння праблемы: панізіць узровень вады ў вадасховішчы або пабудаваць невялікую дамбу на ўчастку.
Уладзімір Гурыновіч адказаў, што вадасховішча знаходзіцца на балансе ААТ «Мінскводбуд», таму зварот будзе адпраўлены для разгляду на гэтае прадпрыемства.
Жыхар Раўбічаў узняў яшчэ адну праблему. На дарозе побач з яго домам няма ні знакаў, ні пераходу, а машыны носяцца з хуткасцю балідаў. Мужчына прапанаваў паставіць дарожныя знакі з абмежаваннем хуткасці до 40 км/г і пазначыць месца для руху пешаходаў. Кіраўнік спраў адзначыў, што ўсе неабходныя меры будуць прыняты.
За тры гадзіны на прамую лінію патэлефанавалі 32 чалавекі са Слуцкага, Барысаўскага, Маладзечанскага, Вілейскага, Мядзельскага, Пухавіцкага, Капыльскага, Чэрвеньскага і Мінскага раёнаў.

Станіслаў ЛАБАТЫ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий