Таямніцы батлеечнай скрыні

Сёння свята людзей, што верай і праўдай служаць Мельпамене, прыводзяць у захапленне тысячныя аўдыторыі. Збірае аншлагі як у Маладзечне, так і за яго межамі і Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка». У рэпертуары – некалькі дзясяткаў спектакляў для дзяцей і дарослых. І кожная пастаноўка па-свойму актуальная і ўнікальная.

Рэпетыцыя спектакля «Васіліса Прыгожая»

Разнастайны і складаны
Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з вядучым майстрам тэатральнай сцэны Таццянай Чаеўскай. Яна расказала пра жыццё ўстановы і пазнаёміла з людзьмі, у чыіх руках ажываюць лялькі і звычайныя прадметы.

– «Батлейка» – гэта цэлая вытворчасць, у якой задзейнічаны не толькі артысты, мастакі, гукааператары, – адзначае яна. – На агульны вынік працуюць цэлыя майстэрні – там ствараюцца дэкарацыі, касцюмы і казачныя героі. Усмешлівыя і сур’ёзныя, апранутыя ў яркія сарафаны альбо ў вышываныя кашулі… І кожны з іх асаблівы, ніводны вобраз не паўтараецца, за што мы бясконца ўдзячныя майстру Святлане Тарайкоўскай, а таксама галоўнаму мастаку Вользе Разумавай.

Лялька – элемент дэкарацыі і адначасова твор мастацтва, на ажыццяўленне якога часам патрабуюцца месяцы. Самае цікавае, што за 30 год існавання тэатр іх практычна нідзе не заказваў, як і дэкарацыі. Папера, фанера, нейкі іншы матэрыял, памножаныя
на фантазію супрацоўнікаў установы, – і з’яўляюцца дамы, палацы, лясныя паляны…

У тэатры кажуць, што для дзяцей наогул працаваць цяжэй, чым для дарослых, бо маленькага гледача не падманеш. Ён не будзе глядзець, калі яму сумна або нецікава. Таму тэатр мусіць быць разнастайным. І адначасова складаным. Толькі не для наведвальнікаў – для артыстаў, якім неабходна ўмець кіраваць персанажамі і адначасова валодаць пластыкай, харэаграфіяй, пэўнымі акрабатычнымі элементамі.

Адкрыццё тэатральнага сезона. Актрысы Таццяна Пацалуева і Таццяна Чаеўская

«У тэатры лялек зручна быць не можа»
– У Беларускай акадэміі мастацтваў, дзе ў свой час вучылася, аднакурснікі называлі нас «лялькамі», – успамінае Таццяна. – Маўляў, куды вам да драматычных акцёраў. Але, убачыўшы на першым жа экзамене па акцёрскаму майстэрству, як мы працуем, узялі свае словы назад.

А выкладчыца танца Марына Філатава лічыла лялечнікаў з самых першых дзён універсальнымі людзьмі і вялікімі працаўнікамі. Бо калі яны выходзяць на сцэну, ім трэба забыцца пра сябе і, прапусціўшы праз рукі і душу ўсю энергію, удыхнуць яе ў ляльку.

«Вы павінны памятаць, што мастацкага сумлення ніхто не адмяняў», – вучыў акцёраў у свой час і галоўны рэжысер тэатра Мікалай Андрэеў, якога некалькі месяцаў таму не стала. А калі яны, стоячы за вузкай шырмай скардзіліся на некамфортныя ўмовы, канстатаваў: «У тэатры лялек зручна быць не можа».

– Людзей нашай прафесіі прыраўноўваюць да танцораў балета, – гаворыць Таццяна Чаеўская. – Вы паспрабуйце пастаяць з паднятай угору рукой хаця б 10 хвілін. І адразу ж зразумееце, яе гэта цяжка. Мы знаходзімся на сцэне ў сярэднім гадзіну, а то і больш. Ёсць спектаклі, падчас якіх тром акцёрам даводзіцца кіраваць трыццаццю лялькамі. Прычым не толькі іх агучваць, але і перадаваць характары, настрой. Нялёгкая гэта справа. Тым не менш, аднойчы прыйшоўшы ў тэатр, якім ужо шмат год кіруе Ала Палякова, большасць маіх калег засталася тут назаўсёды. 30 год аддаў «Батлейцы» Уладзімір Уладыка, заўсёды з задавальненнем выходзяць на сцэну Міхаіл Асановіч, Таццяна Паўлічук і многія іншыя. Калектывам мы аб’ехалі з гастрольнымі турамі гарады Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Сербіі, Германіі, Італіі, дзе паказалі сябе шматпланавым, універсальным, інтэлектуальным тэатрам.

Самі маладзечанцы з задавальненнем ходзяць як на дзіцячыя, так і на дарослыя спектаклі. Яны ганарацца «Батлейкай», лічаць яе візітоўкай горада. Прапануюць знаёмым і гасцям абавязкова паглядзець такія пастаноўкі, як спектакль-імправізацыя «Казкі з куфэрка», камедыя «Прывітанне для малпачкі» альбо спектакль для дарослых «Мандрагора». Апошні, дарэчы, адбудзецца сёння, у Сусветны дзень тэатра.

Самы малады ў Беларусі прафесійны тэатр лялек «Батлейка», ля вытокаў якога стаяў рэжысёр-лялечнік Сяргей Юркевіч, заснаваны ў Маладзечне 1 ліпеня 1990 года. Быў узяты арыенцір на старажытныя традыцыі беларускага мастацтва, агульначалавечыя каштоўнасці, асновы хрысціянскай маралі.

У 2018 годзе Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» адзначаны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй. Сімвалічную статуэтку
ў выглядзе жураўля калектыў атрымаў за пастаноўку «Сёстры Граі» па матывах міфаў Старажытнай Грэцыі.

Сёстры Граі – старыя, што жывуць на мяжы краіны смерці і бачаць адным вокам на траіх. Са сцэны не гучыць ніводнага слова! Акцэнт у спектаклі робіцца на эмоцыі, якія акцёры перадаюць праз пластыку.

Марына СЛІЖ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий