Вясны шчаслівыя імгненні

У Маладзечне падвялі вынікі конкурсу «Жанчына года Міншчыны – 2019». На ўрачыстай цырымоніі пабывала «МП»

– Што такое «Жанчына года Міншчыны – 2019»? – усміхаецца старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын, дырэктар маладзечанскага Палаца культуры Святлана Сарока. – Мне здаецца, гэта простае чалавечае хваляванне, гонар за сумленна зробленую працу і, вядома ж, мары сапраўдных гераінь нашага часу.
Размаўляем са Святланай Рыгораўнай у фае Палаца культуры. Тут шматлюдна, пануе па-святочнаму ўзнёслы настрой: гучыць музыка, працуюць інтэрактыўныя пляцоўкі, майстар-класы рознага кшталту. Святлана Сарока расказвае, што на конкурс намініраваліся 27 удзельніц. У кожнай жанчыны – свая гісторыя і жыццёвы шлях, але ўсе яны дасягнулі поспехаў у розных сферах – ад вытворчасці і сельскай гаспадаркі да грамадскай працы і мацярынства.
– Нашы пераможцы – гэта жанчыны з багатым унутраным светам і імкненнем быць найлепшай у любой жыццёвай сітуацыі, – гаворыць лідар жаночага руху на Міншчыне.
У канцэртнай зале – кветкі, падарункі, гучаць віншаванні і, пэўна, самае галоўнае – словы шчырай падзякі, у тым ліку Беларускаму саюзу жанчын за актыўную і эфектыўную працу. І, вядома ж, цудоўны канцэрт сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага пад кіраўніцтвам непараўнальнага маэстра Рыгора Сарокі.
Па традыцыі жанчын года выбіралі ў пяці намінацыях: «Паспяховы кіраўнік», «Актыўная жыццёвая пазіцыя», «Матчына слава», «Гаспадыня вёскі», «Духоўнасць і культура».

Шаноўныя жанчыны Міншчыны!
8 Сакавіка – яскравы дзень і асабліва любімае свята ў нашым грамадстве. Яно ўвасабляе вялікую любоў і паважлівае стаўленне да жанчын. На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва жанчыны захоўваюць утульнасць сямейнага ачага, ствараюць гармонію ў сямейных адносінах, з’яўляюцца сімвалам прыгажосці. Яны – крыніца дабра, душэўнай цеплыні і чуласці, цярплівасці і шчырасці, міласэрнасці і справядлівасці. Актыўная грамадзянская пазіцыя, высокі адукацыйны і прафесійны ўзровень, ініцыятыва і прадпрымальнасць сталі неад’емнымі рысамі беларускай сучасніцы. Даць дзіцяці жыццё, выхаваць яго, навучыць пазнаваць свет – гэта самая высокая місія жанчыны. Вашы падтрымка і разуменне, паважаныя сяброўкі, натхняюць мужчын на добрыя ўчынкі і працоўныя здзяйсненні. Вашы прафесіяналізм, здольнасці і талент – сапраўдныя нацыянальныя каштоўнасці.
Сардэчна віншую вас са святам! Ад усёй душы жадаю вам здароўя, жаночага шчасця, прафесійнага прызнання, дабрабыту і поспехаў. Няхай заўсёды поруч будуць вашы верныя і надзейныя мужчыны!
Будзьце заўсёды прыгожыя і непаўторныя!
З найлепшымі пажаданнямі – Святлана САРОКА,
старшыня Мінскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын»

Хто ж яны, жанчыны 2019 года?


Намінацыя «Паспяховы кіраўнік»
Іна Станіславаўна Пяткевіч – заснавальнік і дырэктар прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «НовостройТорг» (Стаўбцоўскі раён). Як сцвярджаюць дасведчаныя, былая настаўніца больш за 15 год у бізнесе. Яе першы праект – магазін гаспадарчых і будаўнічых матэрыялаў. Пераможца раённага конкурсу «Жанчына года Стаўбцоўшчыны – 2019».

Намінацыя «Актыўная жыццёвая пазіцыя»
Ірына Уладзіміраўна Карповіч
– начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жодзінскага гарадскога выканаўчага камітэта.
У Жодзінскім гарвыканкаме з 2012 года, узначальвала напачатку аддзел культуры. На цяперашняй пасадзе ў падначаленні Ірыны Карповіч 235 чалавек, з іх 186 – жанчыны. «Разам мы можам усё» – такі дэвіз жодзінскай каманды.

Намінацыя «Матчына слава»
Вера Паўлаўна Ложачнік
– з ліку бацькоў-выхавальнікаў упраўлення па адукацыі Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта. Яна выхавальніца першага ў Барысаве дзіцячага дома сямейнага тыпу, якому ўжо амаль 19 год. Вера Паўлаўна выхавала 27 дзяцей. У 2016 годзе атрымала Падзяку Барысаўскага райвыканкама за шматгадовую і сумленную працу па выхаванню дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Намінацыя «Гаспадыня вёскі»
Наталля Міхайлаўна Селях – гаспадыня аграсядзібы «Гаенскія вытокі».
З чырвоным дыпломам скончыла Полацкае педагагічнае вучылішча. Усё жыццё жыве і працуе ў вёсцы. Сядзіба Наталлі Селях стала найлепшым аб’ектам аграэкатурызму па выніках ХI рэспубліканскага турысцкага конкурсу «Спазнай Беларусь».

Намінацыя «Духоўнасць і культура»
Зоя Юр’еўна Міхнавец
– галоўны рэдактар вытворчага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Салігорскі тэлевізійны канал».
Тут працуе з 2003 года. Пачынала ж з атрымання чырвонага дыплома па спецыяльнасці «Аграном», уладкавалася ў адно з сельгаспрадпрыемстваў Салігорскага раёна. Актыўнасць і мэтанакіраванасць і прывялі Зою Міхнавец на тэлебачанне.
Спецыяльным прызам «Мінскай праўды»
ўшанавана Таццяна Карашкова, намеснік дырэктара – рэдактар дзяржаўнага прадпрыемства «Телевизионная вещательная сеть», г. Маладзечна

Таксама падчас урачыстасцей абласная арганізацыя Беларускага саюза жанчын абвясціла пераможцу абласной фотаакцыі «Усёй сям’ёй – на выбары». Самыя дружныя выбаршчыкі – сям’я Мея з Жодзіна. У Аляксандра і Алены тры сыны – Артур, Ігнат і Глеб. Дачка Ліза – фіналістка дзіцячага «Еўрабачання-2018», уладальніца мноства ўзнагарод прэстыжных конкурсаў.
Ушанавалі таксама пераможцаў абласнога конкурсу СМІ «Сучасніца Міншчыны». Нечакана высветлілася, што матэрыялы пра жанчын – газетныя і часопісныя публікацыі, тэле- і радыёрэпартажы – найлепш удаюцца… самім жанчынам. Нават найлепшымі СМІ абласная арганізацыя БСЖ назвала рэдакцыі, якія ўзначальваюць – здагадацца няцяжка – таксама жанчыны. Гэта барысаўскае «Адзінства», стаўбцоўскі «Прамень» і Маладзечанскі тэлеканал «МКТВ».
І хоць нам зусім не зайздросна, але, ві даць, калегам-мужчынам трэба ўсё ж зрабіць сякія-такія высновы. Тым больш конкурс традыцыйны, а свята 8 Сакавіка непазбежна надыдзе і, як заўжды, падорыць душэўную ўзрушанасць і надзвычай прыемныя клопаты. Гэта мы пра нас, мужчын…

Рыгор САРОКА, заслужаны дзеяч культуры Беларусі:
– Даўно ясна: самыя прыгожыя, таленавітыя і працавітыя жанчыны – тут, на Міншчыне. Мне, як прадстаўніку моцнай паловы нашай краіны,
хочацца пажадаць, каб вы, дамы, пані і паненкі, заўсёды каля сябе мелі вельмі магутныя мужчынскія плечы. І, па-другое, каб свята, якое мы зараз адзначаем,
было не толькі 8 сакавіка, але і ўсе 365 дзён.
Віктар МАЛІНОЎСКІ, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў:
– Чаго хочуць жанчыны? Шчасця і кахання. Калі гэта ёсць, у Мінскай вобласці ўсё будзе добра. Сёння жанчыны даюць фору некаторым мужчынам і паказваюць на сваім прыкладзе, як кіраваць прадпрыемствамі, клапаціцца пра сям’ю, даглядаць сябе. Яны – сапраўдныя гераіні нашага часу.
Алег СЕМЯНЧУК,
дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

– Павіншаваў з надыходзячым святам матулек. Іх любоў робіць нас больш моцнымі, упэўненымі. Яны вучаць нас шанаваць жыццё і людзей. Асаблівыя словы падзякі – маці-гераіням, якія годна працуюць і бяруць на сябе няпростыя хатнія клопаты.

Матэрыялы падрыхтавалі Ігар СЯРГЕЕЎ і Стас ЛАБАТЫ, фота Паўла Арлоўскага

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий