Знак мацярынскай славы

Падчас цырымоніі ўручэння ордэнаў Маці ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі панавала атмасфера надзвычайнай урачыстаці і адначасова сапраўднага мацярынскага хвалявання.

– У наш час ужо не засталося ніводнай сферы дзейнасці, якая не пакарылася б талентам і ўменням жанчын. Але якіх бы прафесійных вяршынь яны ні дасягнулі, іх галоўнае прызначэнне застаецца тым жа, што і ва ўсе часы, – быць маці.

У Беларусі гэта асабліва разумеюць і шануюць. Пытанні мацярынства і дзяцінства, стварэнне камфортнай і бяспечнай інфраструктуры, выхаванне і адукацыя дзяцей увесь час знаходзяцца ў полі зроку, – адзначыў Аляксандр Турчын.

Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што ў зале сабраліся лепшыя маці Міншчыны, якія выхоўваюць пяць, восем і нават адзінаццаць дзяцей:

– Нізкі вам паклон за ласку і клопат, якімі вы атачаеце вашых дзяцей, за добрае і справядлівае матчына слова, якое дапамагае ім стаць на ногі, вызначыцца ў жыцці і паспяхова ісці па выбранай дарозе.
Уручаючы ордэны Маці, Аляксандр Турчын звярнуў увагу, што падтрымка сем’яў не абмяжоўваецца толькі льготнымі крэдытамі на жыллё ці матэрыяльнай дапамогай. Сёння ў вобласці будуюць 14 сучасных дзіцячых садоў і тры школы. У 2021 годзе ў Барысаўскім раёне закончаць будаўніцтва дзіцячага шматпрофільнага корпуса пры цэнтральнай бальніцы. Цяпер узводзіцца Жодзінская гарадская дзіцячая паліклініка, працягваецца мадэрнізацыя радзільнага дома ў Салігорску.

У 2020-м атрымаў развіццё праект па выкарыстанні сямейнага капіталу. Згодна з рашэннем Прэзідэнта падоўжаны тэрмін аказання дадзенай падтрымкі, а накірункі датэрміновага выкарыстання гэтых сродкаў значна пашырыліся. Мяркуецца, што сотні шматдзетных сем’яў змогуць скарыстацца магчымасцю палепшыць жыллёвыя ўмовы, пабудаваць новыя дамы, даць сваім дзецям патрэбную адукацыю.

Сярод узнагароджаных – жыхарка Пухавіцкага раёна Надзея Мяцілка. Яна выхоўвае 11 дзяцей! Надзея лічыць, што шчасце сям’і залежыць ад жанчыны, ад дабрыні яе сэрца, спагадлівасці душы, мудрасці і ўмення засцерагаць свой ачаг.

– Дзеці – гэта радасць. Галоўнае, каб яны былі здаровымі. Выхоўваць іх адначасова і лёгка, і няпроста. Кожнаму трэба надаць увагу, дапамагчы ці падка­заць, – дзеліцца Надзея Мяцілка. – Майму малодшаму дзіцяці 2 гады, старэйшаму – 18. У нас звычайная сям’я: старэйшыя дзеці вучацца ў тэхнікуме, хто меншы – ходзіць у школу. Галоўнае, мы з усім спраўляемся. Прыемна, што пра нас не забываюць. Калі даведалася, што буду ўзнагароджана ордэнам Маці, адчула радасць. Гэта навіна стала нечаканай для мяне, а сённяшні момант — хвалюючы і асаблівы.

Сяргей САЛАНКЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий