Праект «Беларусь памяпае!»: дёрзкі нораў слуцкага падпольшчыка

У красавіку 1943 года газета «Народны мсцівец» – орган Слуцкага падпольнага райкама Кампартыі – надрукавала тэлеграму Вярхоўнага галоўнакамандуючага. У ёй Сталін перадаваў прывітанне і падзяку нашым землякам, якія сабралі сродкі на будаўніцтва самалётаў «Партызан Слуцка», «Партызан Мінска» і «Партызан Барысава». Гэтае прывітанне правадыра самым непасрэдным чынам тычылася легендарнага Пятра Якаўлевіча Маглыша.

Таленавіты хлопец

Ён нарадзіўся зімой 1919 года ў вёсцы Варкавічы Слуцкага раёна. З шасці год пайшоў у мясцовую школу. Яго бацька Якаў Дзмітрыевіч быў вясковым кавалём. Навыкі рамяства перадаў і сваім сынам. А Пётр яшчэ падлеткам падчас вучобы ў Лучнікоўскай сямігодцы змайстраваў фота­апарат. Зробленыя ім здымкі дарыў сябрам, якіх у хлопца заўсёды было шмат.

Такім быў легендарны слуцкі падпольшчык Пётр Якаўлевіч Маглыш

Пасля школы Пётр разам з бацькам працаваў у Слуцкай МТС. За два месяцы асвоіў прафесію токара. Аднойчы з кавалерыйскай дывізіі, што дыслацыравалася ў горадзе, паступіў складаны заказ, ніхто з дарослых не змог вытачыць патрэбную дэталь. Тады за справу ўзяўся Маглыш-малодшы. І ў яго атрымалася. Праявіў сябе і як рацыяналізатар-вынаходнік: прыдумаў станок для замены абмотак электрарухавікоў, змайстраваў сабе матацыкл.

Душа кампаніі

Неяк вечарам у вясковым клубе паказвалі кіно. Раптам у залу ўваліўся п’яны гурт і стаў перашкаджаць людзям глядзець фільм. Маглыш зрабіў буянам заўвагу, адзін з выпівохаў пачаў задзірацца. Пётр вывеў яго на вуліцу і надаваў кухталёў.

Калі сеанс скончыўся, п’яныя дзецюкі наважыліся паквітацца за пакрыўджанага сябрука. Але Пётр зняў споднюю кашулю, апрануў яе паверх пінжака. Так і выйшаў з клуба непазнаны. Калі ж гледачы разышліся, Маглыш вярнуўся разам з таварышам і адлупцаваў усіх буянаў.

За смеласць ды рашучасць, за спагадлі­васць, за дзёрзкі і вясёлы нораў яго паважалі людзі.

У 1936-м Маглышы пераехалі ў Слуцк. Пётр працаваў у механічнай майстэрні 4-й кавалерыйскай дывізіі імя Варашылава (той самай, якой у 1933–1937 гадах камандаваў будучы праслаўлены палкаводзец Георгій Жукаў), леспрамгасе. Там ён навучыўся някепска вадзіць машыну. Праз тры гады хлопца прызвалі ў Чырвоную Армію. Трапіў у асобны батальён сувязі, які размяшчаўся ў Слоніме і Лідзе. Напярэдадні Вялікай Айчыннай часць перадыслацыравалі ў Беласток, дзе Маглыш і сустрэў першыя дні вайны.

Ад Беластока да Слуцка

Раніцай 22 чэрвеня Пётр Якаўлевіч атрымаў загад даставіць данясенне ў суседняе падраздзяленне і разведаць абстаноўку. Прыбыў на месца і ўбачыў – падраздзяленне разгромлена. Маглыш вярнуўся назад, але яго часць адышла ў невядомым напрамку. Хлопец вырашыў рухацца на матацыкле ўслед адступаўшым войскам.
Непадалёку ад Ваўкавыска напаткаў медсястру Вольгу Ясючэня, якая адстала ад часці. За горадам іх абстралялі немцы з кулямёта. Абаіх параніла. Вольгу ён пакінуў у вёсцы ў знаёмых, а сам прадоўжыў шлях на ўсход, пад Ваўкавыскам разам з іншымі акружэнцамі прыняў бой з гітлераўцамі. Яго зноў параніла. Насілу дабраўся да бліжэйшай вёскі, дзе яго выдалі акупантам. Так ён апынуўся ў лагеры для ваеннапалонных. Крыху залячыўшы раны, зрабіў дзве няўдалыя спробы ўцячы. З трэцяга разу гэта ўдалося. У родныя Варкавічы Маглыш дабраўся ў кастрычніку 1941-га. А ўжо адтуль разам са знаёмым Георгіем Машко прабраўся ў Слуцк – у бацькоўскі дом.

Першыя справы падпольшчыкаў

Пятру ўдалося выправіць дакументы і ўладкавацца ў якасці механіка і вадзіцеля ў аўтамайстэрні (былая МТС). Тут працаваў і бацька. Толькі проста так хадзіць на работу Маглыш-малодшы не збіраўся. Столькі ўсяго пабачыў і ў лагеры для ваеннапалонных, і падчас блуканняў па акупаванай ворагам тэрыторыі… Помста, толькі помста! Хлопец пачаў ствараць падпольную групу, праз сястру Надзею Батурыну звязаўся са старобінскімі партызанамі, дзе пачынаў свой баявы шлях будучы Герой Савецкага Саюза Васіль Корж.

Спачатку група Маглыша складалася з блізкіх родных – бацькі, маці, сястры і яе мужа. Збіралі зброю, боепрыпасы, звесткі пра планы гітлераўцаў, устанаўлівалі сувязь з падпольшчыкамі Слуцка. Калі ж здабылі радыёпрыёмнік, пачалі актыўна распаўсюджваць зводкі Саўінфармбюро.

Паступова колькасць падпольшчыкаў, якіх узначальваў Маглыш, павялічвалася. Да іх далучыліся ўрач гарадской бальніцы Пётр Трухан, загадчык аптэкі Васіль Літоўкін (яны разам з Надзеяй збіралі медыкаменты для партызан) і іншыя. Група праводзіла дыверсіі на мясцовых прадпрыемствах. З дапамогай Пятра Якаўлевіча было вызвалена і перапраўлена ў лес звыш сотні палонных са слуцкага лагера.

Тут у поўнай меры раскрыўся дзёрзкі нораў Маглыша. Як расказваюць ветэраны, хлопец мог пасярод белага дня падысці да паліцая, папляскаць па плячы ды папярэ­дзіць: глядзі, маўляў, калі і далей так вы­служвацца перад фашыстамі бу­дзеш, хутка апынешся на могілках. А калі папярэдж­ванне не дзейнічала, паліцай бясследна знікаў. Маглыша баяліся як агню.

Налёт на слуцкі банк

Пра тое, што ў мясцовым банку захоўваюцца вялікія каштоўнасці, ведалі многія. У тым ліку партызаны. Так узнікла ідэя экспрапрыяцыі. Распрацоўку плана аперацыі і яго ажыццяўленне даручылі Пятру Якаўлевічу. На гэты час група мела сваіх людзей у паліцыі, частку якіх падпольшчыкі спецыяльна ўкаранілі. Знайшліся патрыёты сярод работнікаў банка, дапамаглі зрабіць злепкі ключоў ад сейфаў.
У адну з сакавіцкіх начэй 1942 года Маглыш правёў групу народных мсціўцаў да будынка банка. Партызаны без шуму знялі варту, праніклі ўнутр і захапілі нарабаванае акупантамі золата, серабро і вялікую суму савецкіх грошай. У тую ж ноч вывезлі каштоўнасці за горад. Пазней іх з партызанскага аэрадрома адправілі за лінію фронту – у Фонд абароны.

Правал

Тым часам па заданню камандавання партызанскага атрада Васіля Каржа слуцкія падпольшчыкі рыхтавалі намечаную на сакавік 1943 года буйную аперацыю. Планавалася ўварвацца ў горад, спаліць будынкі ўправы, паліцэйскага ўчастка, біржы працы, знішчыць гебітскамісара, начальніка жандармерыі, начальніка акруговай паліцыі.

Самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы аперацыі прымала і група Маглыша. Аднак падпольшчыкаў выдаў правакатар. У фашысцкую службу бяспекі трапіла партызанская сувязная. Пачаліся арышты. Пятра і яго бацьку схапілі дома. Разам з іншымі кінулі ў слуцкую турму. 26 сакавіка ўсіх (каля двух дзясяткаў чалавек) вывелі ў двор, пасадзілі ў машыны і павезлі ў Мінск – для далейшых допытаў.
Ужо пасля вайны гісторыкі, якія працавалі з архіўнымі дакументамі, прыйшлі да высновы, што групу Маглыша падвяло і няведанне элементарных правіл канспірацыі.

Апошняя схватка

У кузаве побач з Маглышам аказаўся Фёдар Пенезь, які па заданню партызан служыў у амговіцкай паліцыі і быў схоплены разам з астатнімі падпольшчыкамі. Пётр прыхаваў у кішэні кавалачак шкла, умудрыўся са звязанымі рукамі дастаць яго і перацерці вяроўкі Пенезю.

Непадалёку ад Самахвалавічаў у адной з машын спусціла кола. Варта вылезла з кузава і сабралася ля вадзіцеля, які спяшаўся паставіць запаску. Гэтага часу хапіла, каб ад вяровак вызваліліся і іншыя арыштаваныя.

Як толькі загулі маторы, Маглыш скамандаваў «Бяжым!» і кінуўся на канваіра. Падчас барацьбы яны вываліліся з кузава на дарогу. Пётр вырваў аўтамат з рук ворага і ўдарыў ім праціўніка па галаве. Усе кінуліся ўрассыпную. Але варта ўжо ачомалася. Хтосьці з канваіраў выстраліў у Маглыша, ён упаў на дарогу. Потым паліцаі пачалі страляць па астатніх. Чацвёра з іх пераплылі Пціч і накіраваліся да лесу. Але дабег адзін Пенезь…

Адпомсцілі

Тэлеграма з падзякай Вярхоўнага галоўнакамандуючага дайшла да партызан, калі Пятра Маглыша ўжо не было ў жывых. Усіх забітых і схопленых пасля спробы ўцёкаў пагрузілі назад і завезлі ў Мінск. Што з імі адбылося потым – невядома. Невядома і месца пахавання герояў.
Але фашыстам не ўдалося поўнасцю разграміць Слуцкае падполле. 23 мая 1943 года мясцовыя патрыёты адпомсцілі за гібель таварышаў, здзейсніўшы дзёрзкую дыверсію на сырзаводзе, які працаваў у горадзе. У выніку выбуху міны і пажару ўсё абсталяванне выйшла са строю. А ў канцы лістапада 1943-га падпольшчыкі арганізавалі пераход да народных мсціўцаў двух ваеннаслужачых нямецкай арміі. Адным з іх быў обер-лейтэнант Карл Баер (яго завербавалі яшчэ маглышаўцы). Перабежчыкі валодалі важнымі сакрэтамі Трэцяга рэйха (наконт фашысцкіх ракет ФАУ-1), абодвух у хуткім часе па ўказанню Цэнтральнага штаба партызанскага руху самалётам даставілі ў Маскву…

Кажуць, што Пятра Маглыша прадстаўлялі да ўрадавых узнагарод. Але тыя прадстаўленні дзесьці згубіліся. Аднак ёсць для герояў, бадай, самая галоўная ўзнагарода – людская памяць. На Случчыне памятаюць свайго земляка і ганарацца ім. Яго імем у горадзе названа адна з вуліц.

Сяргей КВІТКЕВІЧ

Рекомендации для Вас

Об авторе: redactor2

Добавить комментарий